Вы тут

Ці атрымаецца ў беларусаў летам адпачыць за мяжой? Шанцы ёсць

На пляжы Тэль-Авіва / Reuters

Краіны, чыя эканоміка моцна залежыць ад турызму, пачынаюць прыадкрываць межы. Пра гатоўнасць прымаць замежных гасцей летам ужо заяўляюць Італія, Грузія, Турцыя і Грэцыя. 

Якія шанцы у беларусаў адпачыць у бліжэйшыя месяцы на марскіх курортах або адправіцца ў еўратур? Разбіраемся ў пытанні.

Калі можна разлічваць на адпачынак за мяжой?

Верагоднасць адправіцца на адпачынак за мяжу ў чэрвені невысокая, лічыць Філіп Гулы, старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза туріндустрыі. Шанцы выехаць за мяжу могуць з'явіцца з ліпеня. У першую чаргу нас будуць гатовыя прыняць тыя краіны, для якіх турыстычны паток з Беларусі з'яўляецца значным.

Філіп Гулы / belta.by

— Гэта Украіна, Грузія, Албанія і Чарнагорыя. Але пакуль мы бачым толькі анансаванне адкрыцця межаў. Ці змогуць туды паехаць канкрэтна беларусы — незразумела. Краіны будуць фарміраваць спісы добранадзейных і нядобранадзейных дзяржаў, зыходзячы з ацэнкі эпідэміялагічнай сітуацыі. Пандэмія жа ўзнікла хаатычна, ды й методыка барацьбы ва ўсіх розная, — разважае Філіп Гулы. — Ёсць яшчэ такі нюанс: напрыклад, у краіны можа быць значны турыстычны паток з дзяржавы, якая не захоча, каб яе грамадзяне адпачывалі побач з беларусамі, бо палічыць краіну нядобранадзейнай. Боку, які прымае, давядзецца рабіць выбар, якіх турыстаў пусціць і на якіх умовах.

Лілія Кобзік, эксперт у сферы турызму і рэдактар сайта Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый, настроена больш аптымістычна. Яна мяркуе, што ўжо ў сярэдзіне чэрвеня беларусы змогуць адправіцца на адпачынак у Албанію і Чарнагорыю. Чартарныя праграмы па гэтых напрамках пачынаюць працаваць з 12 і 16 чэрвеня.

Лілія Кобзік / toursoyuz.by

— Месяц таму паступала інфармацыя, што многія краіны не адкрыюцца да канца года і для турызму наступіць апакаліпсіс. А цяпер мы бачым нашмат больш шанцаў з'ехаць за мяжу нават летам. Шэраг краін ужо абвясцілі праграмы адкрыцця турызму на ўзбярэжжах. Стала зразумела, як будзе працаваць інфраструктура. Грэцыя, Італія, Грузія, Балгарыя плануюць адкрыцца з ліпеня, Туніс — у чэрвені, — распавядае Кобзік. — Пакуль няма спісаў краін, чыіх турыстаў будуць пускаць у першую чаргу. Магчыма, гэта будзе праходзіць некалькімі "эшалонамі". Пры гэтым, ацэньваючы сігналы замежных партнёраў па папулярных кірунках, мы заўважаем, што становішча ў Беларусі іх не бянтэжыць, мы не бачым негатыву з іх боку.

Яшчэ адна тэндэнцыя, якую заўважаюць эксперты турыстычнай галіны, — гэта ўзаемныя турпатокі паміж суседнімі дзяржавамі. Напрыклад, Аўстралія гатовая бачыць турыстаў з Новай Зеландыі, а Эстонія — з Літвы і Латвіі. Ці з'явяцца такія турыстычныя калідоры ў Беларусі і суседзяў — незразумела. Пакуль што Украіна вырашыла адкрыць межы з усімі суседзямі, акрамя Беларусі і Расіі.

А што з краінамі Еўрапейскага саюза?

Старшыня РСТ лічыць, што на турыстычныя паездкі ў краіны Еўрапейскага саюза пакуль разлічваць не варта. Курорты Іспаніі, Італіі і Грэцыі, хутчэй за ўсё, будуць прымаць толькі турыстаў з Еўрасаюза.

–– Еўрапейскі саюз замыкаецца ўнутры сябе. Але пры гэтым ёсць канфрантацыя. Краіны, якім вельмі патрэбны турызм, выступаюць за максімальнае адкрыццё межаў. Дзяржавы, чыя эканоміка менш залежыць ад турызму, імкнуцца ўтрымаць грамадзян у межах сваёй краіны, — кажа Філіп Гулы. — Напрыклад, у Францыі шмат французскіх турыстаў. Тое ж самае тычыцца Германіі, Польшчы. Там ёсць інфраструктура для ўнутранага турызму і ўласныя грамадзяне здольныя падтрымаць сваю ж эканоміку.

Апрацоўка самалёта / Reuters

Унутры Еўрасаюза сфарміраваныя вялікія турыстычныя патокі. Таму, хутчэй за ўсё, пускаць туды грамадзян з краін, якія не ўваходзяць у ЕС, будуць з неахвотай, мяркуе Гулы.

З тым, што краіны Еўрапейскага саюза будуць адкрывацца павольней, згодная і Лілія Кобзік. Гэта звязана ў першую чаргу з унутранай палітыкай ЕС: дзяржавы павінны ўзгадняць паміж сабой тэрміны адкрыцця знешніх межаў.

Пры гэтым мы бачым, што ЕС называе больш раннія тэрміны адкрыцця турызму, чым планаваў раней. Напрыклад, Італія абвясціла, што адкрыецца ў ліпені. Раней была інфармацыя аб тым, што пляжы гэтай краіны не прымуць адпачывальнікаў да канца года, — працягвае Лілія Кобзік. — Турыстычны бізнес у цэлым не можа не працаваць. Свабоднае перамяшчэнне — адна з найважнейшых рэчаў, на якіх будуецца эканоміка. Гаворка ж не толькі пра адпачынак, але і пра дзелавыя паездкі, камандзіроўкі.

Якімі будуць цэны?

Падарожжы стануць даражэйшымі і менш камфортнымі, упэўнены Філіп Гулы. На гэта паўплываюць новыя меры бяспекі: забеспячэнне адлегласці ў рэстаранах і самалётах, абмежаванні на пляжах і ў гатэлях.

Попыт на адпачынак цяпер таксама адкладзены і няясны. Беларусы хацелі масава з'ехаць за мяжу да пандэміі, але наколькі падарожжы будуць запатрабаваныя ў бліжэйшы час — незразумела. Ёсць асцярогі другой хвалі пандэміі COVID-19, гэта таксама паўплывае на попыт, — прагназуе Філіп Гулы.

Пандэмія непрадказальная, таму прагназаваць, як зменяцца цэны на падарожжа, пакуль цяжка, кажа Лілія Кобзік. Зараз гаворка ідзе аб выкананні ўжо аплачаных праграм, паколькі многія загадзя купілі пуцёўкі на лета. Некаторыя з тураў перанесеныя на восень, турфірмы імкнуцца пакінуць цэны на іх ранейшымі. 

Шанцы з'ехаць летам на адпачынак за мяжу ў беларусаў ёсць, але многае залежыць ад таго, ці ўвойдзе Беларусь у "чорныя спісы". Пакуль мы бачым, што Эстонія ўжо адмяніла авіязносіны з нашай краінай і ўнесла Беларусь у спіс з сямі дзяржаў з высокай рызыкай заражэння каранавірусам. Не будзе пускаць на сваю тэрыторыю самалёты "Белавія" і Аўстрыя. Абвясціла аб тым, што не гатовая адкрыць мяжу з Беларуссю, і Украіна. А хуткасць выяўлення новых выпадкаў каранавірусу ў нашай краіне застаецца адной з самых высокіх у Еўропе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.