Чыноўнікі пасля аптымізацыі: "Паперак меней не стала"

Чыноўнікі ва “ўрэзаным” варыянце жывуць з ліпеня. У рэгіёнах на тое, што працы стала болей, дагэтуль скардзяцца шэптам і ўпотай.

“Скардзімся мы ўсе! Што ў нас шмат працы, але цягнем усе і нікому, акрамя як сабе, не скардзімся”, — эмацыйна прызнаюцца кадравікі Гродзенскага аблвыканкама.

Пытаюся, колькі людзей скарацілі ў аблвыканкаме, называюць не людзей, а… працоўныя адзінкі.

“У людзях — многа, адзінак 180! Былі вакансіі, былі пенсіянеры, якія пайшлі на пенсію. Проста падцягнулі раменьчыкі і сталі працаваць эфектыўна”, — абнадзейваюць у Гродзенскім аблвыканкаме, дзе “сёння няма такіх чыноўнікаў, якія б валялі дурня”. А раней што, такія былі чыноўнікі?

Калі стала болей працы, дык мо і прыбыткі выраслі? І зноў не!

“Пакажыце мне чалавека, які быў бы задаволены заробкам? Мо алігарх які. Асабліва, жанчына! Дый мужчыны таксама заробкам незадаволеныя. Ці мне хапае? Ну, скажам так, на ежу хапае”, —  кажуць Еўрарадыё ў Гродзенскім аблвыканкаме.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, заробкі служачых — 5,3 мільёна за верасень.

“У каго выраслі заробкі, а ў каго не. Усё памянялася, і сістэма налічэнняў, усё”, — нечакана прызнаюцца ў аддзеле кадраў Фрунзенскага раёна Мінска. Тут тлумачаць: змянілася сістэма прэміравання — маўляў, выдаюць грошы за вынік.

Мінсельгасхарч на каментары скупы:

"Працаваць трэба ў любым выпадку — ці то скарачаецца апарат, ці то не".

А ў Мінадукацыі толькі ўздыхаюць: задаволеных “аптымізацыяй знайсці цяжка, працаваць складана, бо мала народа”.

У Магілёўскім аблвыканкаме на скарачэнне не скардзяцца. Маўляў, прывыклі да працы. Але што цікава: нягледзячы на аптымізацыю, меней папяровай працы ў чыноўнікаў так і не стала нідзе!

“Аб’ём працы не змяншаецца, функцыі павінны выконвацца! Яны проста пераразмяркоўваюцца на ўсіх работнікаў, якія зараз працуюць”, — кажуць у Магілёўскім аблвыканкаме.

У Мінэканомікі ўжо некалькі тыдняў шукаюць начальніка галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналіза і прагназавання, а таксама начальніка ўпраўлення прагназавання галоўнага ўпраўлення знешняй эканамічнай дзейнасці і нават працягнулі прыём заявак на вакансіі. Абяцаюць 11 мільёнаў! Але жадаючых патрапіць на дзяржслужбу не шмат. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі