Вы тут

Чыноўнікі не вераць, што можна працаваць не за грошы, а за ідэю — Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч

У настроях і дзейнасці пісьменнікаў, якія раней уваходзілі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, нічога асабліва не зменіцца, заявіў у інтэрв'ю "Народнай волі" старшыня ліквідаванай арганізацыі Барыс Пятровіч.

Вярхоўны суд ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў у мінулую пятніцу 1 кастрычніка. Падставай для пазову сталі два папярэджанні Мінюста, вынесеныя СБП яшчэ ў ліпені. Абодва прыйшлі на працягу тыдня. Мінюст прасіў справаздачу аб працы арганізацыі за тры гады. Сабраць інфармацыю трэба было за паўдня, але ў гэты час у СБП з ператрусам прыйшоў СК, і ўсе паперы для справаздачы засталіся за апячатанымі дзвярыма.

Барыс Пятровіч успамінае, што праблемы з уладай у найстарэйшага пісьменніцкага саюза, які быў створаны ў 1933-1934 гадах, здараліся перыядычна. "Але ні Сталін, ні Брэжнеў, ні Андропаў не закрылі Саюз пісьменнікаў, і толькі беларуская ўлада зрабіла гэта".

Тым не менш пісьменнікі настроены і далей займацца тым, што рабілі да гэтага часу.

"Па-ранейшаму будуць арганізоўвацца літаратурныя вечарыны, праводзіцца фестывалі, уручацца прэміі… Мы раней рабілі гэта на грамадскіх пачатках і будзем працягваць. Толькі ўжо не ад імя СБП, а прыватна. Як у свой час рабілі Купала і Колас, Ластоўскі і браты Луцкевічы. Вядома, не хацелася б у суверэннай дзяржаве ў ХХІ стагоддзі вяртацца ў дарэвалюцыйныя часы. Але што зробіш, калі такі наш лёс", — адзначыў Барыс Пятровіч.

Паводле яго слоў, практычна ўсе ліквідаваныя грамадскія арганізацыі працягваюць працу ў тым ці іншым фармаце.

"Чыноўнікі ніяк не хочуць зразумець, што па вялікім рахунку для нас нічога не зменіцца. Яны не вераць, што людзі могуць працаваць не за грошы, а за ідэю", — заўважыў кіраўнік ліквідаванага СБП. Прадстаўнікі дзяржавы думалі, што з ліквідацыяй трэцяга сектара, людзі замоўчаць і разбягуцца па кутах, але "нам няма чаго губляць", кажа Барыс Пятровіч.

"У нас не было ніякіх выгод. З усіх саступак дзяржавы ў нас была толькі адна: члены нашага Саюза не лічыліся дармаедамі", адзначае ён. Цяпер жа некалькі дзясяткаў пісьменнікаў маюць гэта "ганаровае" званне.

Ён таксама перакананы, што ў будучыні Саюз беларускіх пісьменнікаў, які мае багатую гісторыю, абавязкова адновіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.