Вы тут

Чыноўнікі абяцаюць чыстую ваду для Мінска. Зноў

Чарга па ваду пасля надзвычайнага здарэння з водазабеспячэннем у Мінску ў чэрвені 2020-га / TUT.by

Роўна год таму жыхары Мінска перажылі адну з найбуйнейшых праблем з вадой у горадзе. Тады з кранаў Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў сталіцы ішла смярдзючая вадкасць, ужываць якую было небяспечна нават у бытавых патрэбах. Жыхары выстройваліся ў чэргі каля вадавозаў, раскуплялі бутэляваную ваду ў крамах.

У гадавіну гэтай падзеі мы ўспамінаем, як улады планавалі перавесці водазабеспячэнне Мінска на падземныя крыніцы да 2025 года. Тэрміны гэтыя некалькі разоў зрушваліся: пра чыстую ваду чыноўнікі мараць як мінімум з 2010 года. Але кожны раз ім нешта перашкаджала дамагчыся свайго.

 

Пакуль толькі рыхтуюць праект

Кіраўнік Мінска Уладзімір Кухараў паведаміў у канцы траўня пра тое, што Фрунзенскі, Маскоўскі і часткова Кастрычніцкі раёны маюць патрэбу ў пераводзе на падземныя крыніцы. Гэта больш за траціну ўсяго насельніцтва Мінска.

І менавіта выкарыстанне артэзіянскіх крыніц дапамагло б пазбегнуць паўтарэння камунальных катастроф, падобных да сітуацыі лета-2020, калі на некалькі дзён сотні тысяч мінчукоў засталіся без чыстай вады.

Праўда, перавод на падземныя крыніцы будзе няскорым. Па словах Кухарава, цяпер толькі ідзе праектаванне будаўніцтва вадаводаў.

"Плануем, што работы да пачатку наступнага года па праектаванні архітэктурнага праекта завершым. Трэба будзе дасвідраваць каля 80 новых свідравін на гэтых водазаборах і памяняць сумарна каля 90 кіламетраў труб", — кажа Кухараў.

Пасля праектавання — экспертыза, і толькі потым пачатак рэалізацыі праекта. Гаворка ідзе пра гады.

 

Гады на тое, каб прыбраць пяць літар

Праект пераводу Мінска толькі на падземныя крыніцы вады мараць распрацаваць даўно. Так, у 2015 годзе праграма "Чыстая вада" даручала правесці перадпраектныя работы.

Над перадпраектнай дакументацыяй працавалі і ў 2020 годзе — прынамсі, летам так казаў Уладзімір Кухараў. На выдаленне прыстаўкі "перад" у чыноўнікаў пайшло пяць гадоў.

Так выглядаюць ачышчальныя станцыі / Мінскводаканал

Праўда, за некалькі месяцаў да калапсу з "бруднай вадой" у тым жа 2020 годзе мінскія чыноўнікі казалі, што перадпраектная дакументацыя гатовая. Калі гэта так, то праз некалькі месяцаў яны пачалі рабіць яе зноўку — каб завяршыць да канца года.
 

Стоп... Або павінны былі раней?

Перавесці Мінск на артэзіянскую ваду ўлады абяцаюць даўно, але фармалізавана ў дакументах гэта было праграмай "Чыстая вада" на 2011–2015 гады.

Праўда, тады ж чыноўнікі казалі TUT.by, што тэрміны, зацверджаныя праграмай, нерэальныя, а "больш магчымымі" называлі 2020 год.

У выніку практычна цалкам планы па пераводзе Мінска на падземныя крыніцы былі перапісаныя ў наступнай дзяржпраграме на 2016–2020 гады. Але і тут зрабіць не паспелі — як мы памятаем, "спатыкнуліся" ўжо на этапе перадпраектнай дакументацыі.

Новы дэдлайн па пераводзе траціны насельніцтва сталіцы на артэзіянскую ваду — 2025 год. З улікам распрацоўкі праекта толькі ў 2022 годзе і неабходнасці свідраваць новыя свідравіны і пракладаць дзясяткі кіламетраў труб верыць у выкананне плана здаецца залішнім аптымізмам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.