Чым праваслаўны Вялікдзень адрозніваецца ад каталіцкага?

У гэтым годзе каталікі, праваслаўныя і пратэстанты будуць адзначаць Уваскрашэнне Хрыста ў адзін дзень. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, чым адрозніваюцца святкаванні ў розных канфесіях.
Пра адрозненні паміж праваслаўным і каталіцкім Вялікаднем распавядае ацец Андрэй, вікарны святар парафіі святога Язэпа ў Мінску:

“У нашай усходнелітургічнай традыцыі святкаванне ўваскрашэння Хрыстова папярэджвае саракадзённы пост. Акрамя гэтага сам саракадзённы пост папярэджваюць так званыя падрыхтоўчыя тыдні.

Менавіта чатыры тыдні плюс яшчэ нядзеля, якія маюць свае назвы. Нядзеля мытніка і фарысея, потым ідзе тыдзень сына марнатраўнага, тыдзень мясапусны і тыдзень сырны – гэткага няма ў нашы дні ў літургіі рымска-каталіцкай царквы.

Да гэтага можна дадаць таксама такую розніцу: ва ўсходнелітургічнай традыцыі ў Вялікі пост не ўваходзіць Вялікі тыдзень, у які вернікі сузіраюць Страсці Хрыстовыя, а ў рыма-каталіцкай традыцыі гэты тыдзень у Вялікі пост уваходзіць. Гэткім чынам, хрысціяне ўсходняй традыцыі маюць трошкі больш часу для посту”.

Яшчэ адной значнай асаблівасцю ўсходнелітургічнай традыцыі з’яўляецца наяўнасць усяночнай літургіі (службы).

А вось пратэстанцкі Вялікдзень праходзіць больш спакойна, распавядае прыхаджанка рэфарматарскай баптыскай царквы Ірына Жыхар:

“Што тычыцца пратэстантаў, то прынамсі для нашай супольнасці такіх вялікіх настрояў, натхненняў менавіта ад святаў няма.

І сказаць, што ёсць нейкія выбітныя даты, нельга. Таму што кожную нядзелю мы ўзгадваем пра тую ахвяру, якую прынёс Хрыстос дзеля нашага вызвалення, і, у адрозненне ад каталікоў і праваслаўных, у нас няма вось такіх традыцыйных рэчаў, якія ёсць там.

Канешне, у нас да гэтых святаў і дзеткі з нядзельнай школкі рыхтуюць нейкія свае вершы, і песні, і нейкія пастаноўкі… Але ўсё адно такога культу няма, як ёсць у праваслаўных і каталіцкіх цэрквах”.

Дарэчы, менавіта на хрысціянскі Вялікдзень ў гэтым годзе трапіў і яўрэйскі Пэсах. Распавядае каардынатар яўрэйскага культурнага таварыства “Эмуна” Людміла Дарафеева:

“Калі ў іншых рэлігіях Пасха – гэта ўваскрашэнне Ісуса Хрыста, у нас гэта азначае сыход з Егіпту. Таму ў нас такі доўгі Пэсах. У гэты раз ён пачаўся 2-га ўвечары і скончыцца 10 чысла.

Першыя 2 дні і ў канцы — дні непрацоўныя, а так – можна працаваць. Першы і другі дзень быў такі абавязковы Сэдар. Сэдар – гэта значыць “парадак”. На першы Сэдар трэба выпіць не менш за чатыры келіхі віна, абавязкова ставіцца келіх віна для прарока Іліяху, які павінен зайсці ў гэты дом, і тады будзе ўсё добра.

Потым дзеці абавязкова павінны задаць чатыры пытанні бацькам. Звычайна гэта хлопчыкі робяць, калі няма хлопчыкаў, тады задаюць дзяўчынкі. Любое дзіця мае права нешта спытаць у бацькоў і атрымаць адказ”.

Еўрарадыё віншуе вас са святам і жадае вам як мага болей поспехаў і ўсяго самага найлепшага!


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі