Вы тут

Сяброўку прэзідыума КС Лілію Уласаву вызвалілі з-пад хатняга арышту

Лілія Уласава / Reuters

23 кастрычніка сяброўку прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілію Уласаву вызвалілі з-пад хатняга арышту. Аднак, яна пакуль застаецца абвінавачанай па крымінальнай справе.

Уладзімір Іскорцаў, муж Ліліі, распавёў TUT.by, што з яе зняты ўсе абмежаванні. Следства прыйшло да высновы, што няма неабходнасці ўсталёўваць іншую меру стрымання.

"Мы самі не можам усвядоміць, што гэта адбылося. Паўтара месяца знаходжання ў СІЗА паказалі, што надзеі сілкаваць не прыходзіцца, але ўсё-ткі розум перамог. Спадзяемся, што ён пераможа і ў дачыненні да іншых затрыманых", — распавёў муж Ліліі Уласавай.

31 жніўня Лілію Уласаву затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, у яе доме правялі ператрус. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да члена прэзідыума Каардынацыйнай рады пачатая крымінальная справа па артыкуле "Ухіленне ад выплаты падаткаў".

Лілія Уласава была адной з удзельніц сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка. Праз тыдзень яе вызвалілі з ізалятара пад хатні арышт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.