Чавусаў: Адносіны Беларусі і ЗША адновяцца пры нармальным дыппрадстаўніцтве

31 сакавіка намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў заявіў пра пэўную нармалізацыю беларуска-амерыканскіх адносінаў. Дыпламат падкрэсліў, што стасункі паміж Беларуссю і ЗША не спыняліся нават у самыя складаныя часы і нягледзячы на санкцыі супраць беларускіх кампаній і чыноўнікаў.

У каментары Еўрарадыё палітолаг Юрый Чавусаў адзначыў, што пакуль паміж краінамі няма паўнавартаснага дыпламатычнага прадстаўніцтва, пра нармалізацыю адносін гаворкі быць не можа. Аднак, натуральна, цяпер можна казаць пра наладжванне стасункаў, дзе адбываецца інтэнсіфікацыя сувязяў і абмен візітамі. Чавусаў кажа, што паміж Беларуссю і ЗША знікла напружанне, гэтау паспрыяла ў тым ліку роля Беларусі пры перамовах у расійска-ўкраінскім канфлікце. Таксама палітолаг нагадвае пра перспектыву ўдзелу Беларусі ў наладжванні так званай паўночна-размеркавальнай сеткі — лагістычна-транспартнай сістэмы, якая будзе забяспечваць вывад амерыканскіх вайскоўцаў з Афганістана.

Чавусаў: "І калі супрацоўніцтва ў гэтых канкрэтных сферах будзе сапраўды наладжвацца, то непазбежна паўстане пытанне пра аднаўленне дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў ЗША і ЗША ў Беларусі. Але тут, канечне, мяч на баку беларускага боку, бо менавіта ён быў ініцыятарам скарачэння дыппрадстаўніцтва бакоў".

Нагадаем, нядаўна Дзярждэпартамент ЗША адмяніў санкцыі супраць "Беларуснафты" і "Трастбанка", якія дзейнічалі з 2011 года. На думку Чавусава, з цягам часу ў Вашынгтоне пачынаюць разумець, што санкцыі не даюць плёну: беларускія ўлады не мяняюць сваю палітыку і не вызваляюць палітвязняў. Эксперт лічыць, што паляпшэнне амерыкана-беларскіх адносінаў шмат у чым будзе залежаць ад еўрапейскай палітыкі.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі