Частка шостая. Дух рэвалюцыі і пах сацыялізму

Рэвалюцыя для Кубы – гэта ўсё. Сацыялізм для Кубы – яшчэ больш. Словамі “Сацыялізм ці смерць” сустрэў нас у аэрапорце горад Альгін (Holguin). Паўсюль – рэвалюцыйныя, агітацыйныя плакаты і надпісы. Нават у самых маленькіх вёсачках ці ўздоўж самых разбітых дарог можа не быць указальніка, што гэта за населены пункт, але абавязкова будзе альбо партрэт Чэ Гевары, альбо Фідэля Кастра, альбо проста надпісы крэйдай на асфальце “Viva Fidel! Viva Raul!”


Сустрэўшы адзін раз надпіс “Шчаслівай дарогі”, мы спачатку здзівіліся і нават не зусім зразумелі: “Што? Гэта не прапагандысцкі надпіс?..”

У 1960 годзе на Кубе быў створаны Камітэт па абароне рэвалюцыі (CDR), каб абараняць ідэі рэвалюцыі ад унутраных ворагаў. Сёння аддзелы CDR знаходзяцца на кожнай вуліцы, на кожным блоку ў кожным горадзе і нават невялікіх вёсках. У адной толькі Гаване больш за 15 тысяч Камітэтаў. Па ўсёй Кубе іх больш за 100 тысяч. Каля 70% адсоткаў насельніцтва з'яўляюцца членамі CDR.

З аднаго боку, CDR - гэта штосьці накшталт нашых прафсаюзаў. Яны збіраюць кроў для лякарняў, адпраўляюць людзей у адпачынкі, арганізоўваюць культурныя імпрэзы. Аднак асноўная іх праца – гэта збор інфармацыі пра кожнага жыхара з пэўнай зоны. Члены CDR сочаць за людзьмі і перадаюць усю інфармацыю ў вышэйшую інстанцыю - Міністэрства ўнутраных спраў. Нярэдка пад шыльдамі CDR можна заўважыць людзей, якія спакойна сядзяць на крэслах і, здаецца, нічога не робяць. Насамрэч, яны сочаць. Такая праца.


На першы погляд можна падумаць, што кубінцы і праўда шалеюць ад ідэяў рэвалюцыі і сённяшняй улады. Аднак больш блізкае знаёмства з некаторымі жыхарамі вострава Свабоды паказвае – людзі шмат чым незадаволеныя. Але, занятыя паўсядзённымі праблемамі ды пытаннямі, як пражыць наступны дзень, што з’есці самім ды як накарміць дзяцей, яны забываюцца на змаганне.


У Альгіне з аэрапорту да знятай кватэры нас падвёз кубінскі таксіст па мянушцы “Кітаец” (з-за кітайскіх каранёў) на старых жыгулях. Наступнай раніцай мы пабачылі яго пад дзвярыма кватэры. Ён чакаў, каб падвезці нас у цэнтральны парк, да якога было літаральна два блокі.

- Усяго за 2 песа, - кленчыць ён.
- Не, дзякуй. Мы пройдземся, паглядзім горад, - не паддаемся мы.

Але ўрэшце здаліся. Разгаварыліся. Аказалася, ён толькі 2 месяцы як кінуў працу настаўніка па гітары – прафесія не прыносіла грошай. Ён зарабляў 440 кубінскіх песа. Дастаў свой старэнькі аўтамабіль і стаў вазіць турыстаў.

У 1996 годзе ягоны брат збег у Амерыку на ўласнаручна зробленай лодцы. Працуе там на будоўлі. Штомесяц дасылае грошы сваім семярым братам на Кубе.

Мы сустрэліся з гэтым таксістам яшчэ раз праз некалькі дзён, калі вярнуліся ў Альгін са свайго падарожжа. І дамовіліся, каб ён адвёз нас у аэрапорт. Па дарозе туды ён завёў размову пра апазіцыю. Паскардзіўся, што мала кубінцаў ведае пра яе. Аднак ён усё адно спадзяецца, што дэмакратычныя змены прыйдуць на востраў Свабоды.

У аэрапорце мы сустрэлі яшчэ аднаго кубінца, які кінуў сваю асноўную працу па спецыяльнасці дзеля большых грошай. Гэта бармен. Ён выдатна размаўляе па-англійску. Высветлілася, раней быў настаўнікам англійскай мовы. Цяпер працуе барменам па 15 гадзінаў на суткі. Скардзіцца, што цяжка, аднак грошы патрэбныя.













Працяг будзе...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі