Частка дзевятая. Кубінскія геі і кубінская іспанская

Сітуацыя з геямі на Кубе апошнім часам мяняецца. Дзяржава спрабуе ўключыць гомасэксуалістаў у грамадства. Дачка Рауля Кастра стварыла незалежны інстытут па абароне правоў геяў. Распрацоўваецца праект закона, які дазволіў бы аперацыі па змене полу. Яшчэ ў 80-х гадах на Кубе рабілася процьма нелегальных аперацый. Аднак наш знаёмы гей Лукас Гарвэ ўсё адно незадаволены сітуацыяй. Ён лічыць, што гэта ўсяго толькі прапаганда, каб паказаць, што ўлады паважаюць правы геяў. На самой жа справе большая частка грамадства застаецца гамафобамі.

- Яшчэ адна праблема, - гаворыць Лукас Гарвэ, - ўлада сканцэнтравалася на праблемах СНІДу і праблемах геяў. Мімаволі людзі пачынаюць асацыяваць дзве гэтыя рэчы. Зараз на Кубе папулярныя дыскусіі на тэлебачанні на тэму гомасэксуалістаў. Аднак там паказваюць толькі геяў з праблемамі.

- А мы ж нармальныя людзі! - ускрыквае Лукас Гарвэ. – Сярод нас ёсць і настаўнікі, і мастакі, і паэты. Дый шмат людзей з высокімі дзяржаўнымі пасадамі таксама геі. Але ў іх тэлебачанне геяў не бачыць – гульня такая.

Сам Лукас Гарвэ – філолаг па адукацыі. Ён напісаў кнігу пра тое, як змянялася кубінская іспанская мова апошнія дзесяцігоддзі. У 1961 годзе на Кубе адбылася моўная рэформа. З’явілася новая палітычная лексіка, каб абазначыць новыя рэаліі, такія як “міліцыя”. Аднак яна (рэформа) ў рэальнасці падзяліла слаі насельніцтва. Журналістаў, пісьменнікаў, мастакоў сталі называць ваярамі культуры. Незалежных жа журналістаў – актывістамі за правы чалавека, што на дзіва набыло там негатыўнае адценне.

63% насельніцтва Кубы маладзейшае за 40 год. І яны не ведаюць ані іншай сістэмы, ані іншай мовы. Правільна гаворыць Лукас Гарвэ - змяніць мову - гэта шлях змяніць менталітэт грамадства.



Працяг будзе...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі