Вы тут

Частка беларусаў, якія чакалі эвакуацыі ў Перу, вылецелі з Лімы ў Маскву

Борт AZUR Air, які забраў беларусаў з аэрапорта ў Ліме

Грамадзяне Беларусі, якія больш за два тыдні чакалі эвакуацыі ў Перу, 2 красавіка вылецелі з Лімы ў Маскву. Яны трапілі на борт самалёта Boeing-777 расійскай авіякампаніі AZUR Air.

Спярша гэты борт забраў расіян з Рыа-дэ-Жанэйра, пасля — расіян і беларусаў з Лімы, сталіцы Перу. Па стане на 22:30 (па мінскім часе) 2 красавіка ён знаходзіцца над тэрыторыяй Бразіліі. Трансатлантычны пералёт працягнецца больш за 10 гадзінаў.

З 30 сакавіка рэйсы авіякампаніі "Белавіа" паміж Мінскам і Масквой не выконваюцца. Таму па прылёце ў сталіцу Расіі беларусы перасядуць на цягнік, які і прывязе іх на радзіму. У Мінску іх чакае двухтыднёвы медычны нагляд.

16 сакавіка група беларускіх турыстаў, якія вандравалі па Перу, не змаглі вылецець у Еўропу, бо паўднёваамерыканская краіна закрыла свае межы і ўвяла жорсткі каранцін у сувязі з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі. З таго часу беларусы чакалі эвакуацыі.

26 сакавіка міністры замежных справаў Беларусі і Расіі Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў дамовіліся, каб пры правядзенні эвакуацыі не рабіць адрозненняў паміж грамадзянамі Расіі і Беларусі, якія апынуліся ў складанай сітуацыі і не могуць вярнуцца дадому.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.