Вы тут

Чарговы смяротны прысуд у Беларусі — забойцы дзвюх пенсіянерак

Віктар Паўлаў з адвакаткай / "Віцебская Вясна"

30 ліпеня Віцебскі абласны суд прысудзіў да смерці Віктара Паўлава. Яго прызналі вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак, піша праваабарончы сайт "Вясна".

Пракурор Віталь Сузанскі звярнуў увагу на абцяжваючы фактар: забойства было ўчыненае чалавекам, які раней ужо учыніў забойства.

Следчыя вінавацілі Паўлава таксама і ў разбоі. Аднак пракурор прапанаваў лічыць яго дзеянні крадзяжом.

Забойства адбылося 30 снежня 2018 года ў вёсцы Прысушына Віцебскага раёна. 50-гадовы Віктар Паўлаў прыйшоў у дом да сясцёр-пенсіянерак і моцна іх пабіў. Пры гэтым ён забраў у іх грошы і некалькі бутэлек віна. Целы жанчын былі знойдзеныя толькі праз некалькі дзён.

Адвакатка Паўлава настойвала на тым, што забойства адбылося ў выніку спрэчкі і было справакаванае адной з жанчын. Нібыта, яна абражала мужчыну і выказвала прэтэнзіі да якасці пабудаванага ім сарая. Абаронца лічыць, што Паўлаў не збіраўся забіваць жанчын, а проста прыйшоў купіць віна, якім яны гандлявалі.

У сваім апошнім слове абвінавачаны выказаў раскаянне ў сваім учынку і папрасіў суд не ўжываць да яго найвышэйшую меру.

Сёлета гэта ўжо другі смяротны прысуд у Беларусі. У студзені да вышэйшай меры пакарання за забойства дзвюх дзяўчын у Бабруйску быў прысуджаны Аляксандр Асіповіч. 14 траўня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Асіповіча і пакінуў прысуд без зменаў.

Больш важных навінаў у праграме "Петарда" 30.07: