Чаргінец: “Чыноўнік можа выдаць сваё меркаванне за генеральную лінію"

У аўторак прэзідэнт раскрытыкаваў працу ўрада. А ў сераду дзяржслужбоўцам забаранілі свабодна выказвацца і прымаць дарагія падарункі. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, чаму дзяржава цісне на чыноўнікаў. 27 чэрвеня Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла праект закону, які пазбаўляе чыноўнікаў права каментаваць працу сваіх ведамстваў у прэсе іначай, як пад наглядам сваіх кіраўнікоў ці… чыноўнікаў, упаўнаважаных для гэтага! Цэнзура “зверху” схавае ад грамадзян Беларусі праўду аб працы дзяржаўных устаноў. Не зважаючы на гэта, старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі, пісьменнік Мікалай Чаргінец мяркуе, што абмежаванне чыноўнікаў у выяўленні сваіх поглядаў – гэта звыклая справа для цывілізаванага грамадства:

Мікалай Чаргінец: “Чыноўнік можа проста па няведанні выдаць сваё меркаванне за генеральную лінію і такім чынам нанесці страту дзейнасці, скажам, міністэрства ці ведамства, дзе ён працуе, ці дзяржаве… Чыноўнік прызначаны для таго, каб служыць”.

Акрамя таго, беларускі парламент пазбавіў дзяржаўных службоўцаў права прымаць падарункі ці паслугі ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў. Праўда, падчас пратакольных мерапрыемстваў можна такі  ўзяць сувенір. Але калі яго кошт будзе большы за 155 тысяч рублёў, яго давядзецца перадаць у прыбытак дзяржавы.

Пра тое, з чым звязаны гэты “наезд” на чыноўнікаў, Еўрапейскае радыё запыталася ў бізнэсоўца і палітычнага аналітыка Пятра Марцава:

Пётр Марцаў: “Традыцыйная барацьба з карупцыяй – гэта канёк нашага прэзідэнта. Ён на гэтай хвалі прыйшоў да ўлады. Трэба аддаць яму належнае: ён увесь час з ёю змагаецца, нягледзячы на яе рост”.

Праект закону, прыняты парламентам, выглядае лагічным працягам знішчальнай крытыкі працы беларускага ўрада, з якой напярэдадні выступіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт абвінаваціў дзяржслужбоўцаў у тым, што яны разбазарваюць субсідыі і паабяцаў разабрацца з кожным, хто возьме на дзяржаўную службу нявартага чалавека.

Натуральна, што яшчэ адна прычына “палявання” дзяржавы на беларускіх чыноўнікаў – эканамічная. Працягвае Пётр Марцаў:

Пётр Марцаў: “Дэфіціт плацёжнага балансу ў памеры трох мільярдаў долараў – гэта нямала. Раней такога не было. Так, ужо некалькі гадоў рабуюць прадпрыемствы, саджаюць чыноўнікаў і прадстаўнікоў бізнэса. Але ў гэтым годзе – і гэта галоўнае – ідзе сапраўдны чос”.

Былому прэм’ер-міністру Беларусі Міхаілу Чыгіру чарговае абмежаванне дзяржслужбоўцаў у правах падаецца дзіўным. Маўляў, дзяржава сячэ сук, на якім сядзіць:

Міхаіл Чыгір: “У той час, калі я працаваў прэм’ерам, абмежаванняў было нашмат менш, чым сёння. Гэта тычыцца ўсіх галінаў дзейнасці: ці то бізнэсу, ці то чыноўнікаў. Таму, вядома ж, было свабодней! Абмежаванні, вядома ж, павінны быць, але не такімі вузкімі. Можа, чыноўніку сказаць, што без дазволу начальства яму дыхаць нельга?”

Нягледзячы на тое, што беларускія чыноўнікі апошнім часам сістэматычна абмяжоўваюцца, Мікалай Чаргінец з уласцівым для яго спакоем лічыць, што чынавенства было, ёсць і будзе прывабнай сферай дзейнасці. Бо ва ўсім не абмяжуеш:

Мікалай Чаргінец: “Прэстыж чынавенскай службы ніколі не падаў і заўсёды вабіў шмат чыю ўвагу. Чыноўнік выкарыстоўвае дзяржаўныя магчымасці: аўтамабіль, сувязі, камандзіровачныя і сутачныя, калі ён куды-небудзь едзе. Акрамя таго, заробак чыноўнікаў досыць вялікі ў параўнанні з заробкамі ў іншых слаях насельніцтва. Гэта ўжо з’яўляецца своеасаблівай гарантыяй яго працы”.

Па звестках, якімі з нагоды 85-х угодкаў беларускай пракуратуры падзяліўся з журналістамі генеральны пракурор Пётр Міклашэвіч, апошнім часам за кратамі апынулася не менш за 10 буйных чыноўнікаў. Сярод іх кіраўнікі “Белнафтахіма” на чале са старшынёй канцэрна Аляксандрам Бароўскім, намеснік кіраўніка ААТ “Світанак” Мікалай Гецман, супрацоўнікі мытных ворганаў краіны.

Адмыслоўцы канстатуюць занепакоенасць улады чыноўнікамі, якія маюць дачыненне да вялікіх капіталаў. Верагодна, гэта звязана з вялікай прыватызацыйнай кампаніяй, старт якой прагназуецца на пачатак 2008 года. Каму патрэбныя канкурэнты? Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Пётр Марцаў:

Пётр Марцаў: “Зачысткі тых, хто жадае паўдзельнічаць у прыватызацыі, – гэта праўда. Але я не думаю, што прэзідэнта, яго сям’ю і атачэнне будзе цікавіць дробны і сярэдні бізнэс”.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі