Чаму пенсіі вырастуць толькі 1 снежня, а не сёння?

Чаму пенсіі вырастуць толькі 1 снежня, а не сёння?

13 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра павышэнне пенсій. З 1 снежня яны мусяць вырасці на 5,5%. Здаецца, трэба было б радавацца. Але тры акалічнасці выклікаюць сур'ёзныя пытанні.

Па-першае, паўза ў паўтара месяца паміж датай падпісання ўказа і датай, з якой павышаюцца пенсіі. Па законе, яе быць не павінна: павышэнне мусіць прайсці ў наступным месяцы пасля таго, як для яго склаліся ўмовы. Калі паглядзець на ўказы пра пераразлік пенсій за апошнія пяць гадоў — такой паўзы ніколі не было.

Прыкладна 2,5 млн чалавек атрымліваюць у Беларусі пенсіі па ўзросце. Пачаўшы выдаваць ім павышаныя пенсіі на месяц пазней, улады зэканомяць на гэтых людзях каля $14,5 млн.

Чаму пенсіі вырастуць толькі 1 снежня, а не сёння?

Па-другое, у законе прапісана, што пенсіі павышаюцца, калі розніца паміж сярэднім заробкам, з якога зыходзілі падчас папярэдняга пераразліку, і сярэднім заробкам за апошні квартал складае больш за 15%. Першая лічба, якую Мінпрацы знайшло адным ім вядомым спосабам, — 593 рублі 47 капеек, другая — 743 рублі. Сёння розніца ўжо складае 25,3%. Гэта значыць, па законе, момант для павышэння пенсій наспеў некалькі месяцаў таму. Чаму тады яны павышаюцца толькі цяпер?

Па-трэцяе, пенсіі павышаюцца ўсяго на 5,5%. Чаму так мала?! Нагадаем, сярэдні заробак з моманту папярэдняга павышэння пенсій вырас на 25%. Лагічна было б, каб на столькі ж выраслі і пенсіі. Ці каб рост склаў хаця б 11% — розніца паміж ростам сярэдняга заробку і ростам пенсій стала б меншай за 15 працэнтных пунктаў, абазначаных у законе.

Колішні намеснік міністра сацыяльнай абароны Генадзь Бяспалаў, які ў свой час распрацоўваў закон "Аб пенсійным забеспячэнні", лічыць павышэнне пенсій на 5,5% непрымальным: "Праблемы ў эканоміцы цяпер відавочныя... Таму і заробак не крочыць наперад. І калі індэксацыя пенсій цяпер і ажыццяўляецца, дык мізэр".

З пачатку 2016 года грэчка ў Беларусі падаражэла на 37%, цукар — на 21%, хлеб — на 7%, паслугі ЖКГ — на 32%, электрычнасць — на 24%. А пенсія падымаецца на 5,5%. І толькі з 1 снежня, хаця падставы для павышэння, паводле закона "Аб пенсійным забеспячэнні", наспелі ўжо даўно. Чаму так? У Мінпрацы ёсць адказ:

Чаму пенсіі вырастуць толькі 1 снежня, а не сёння?

"Пачынаючы з 2016 года пераразлік працоўных пенсій ажыццяўляецца на падставе ўказа прэзідэнта [№534 ад 31 снежня 2015 года. — Еўрарадыё]. Не радзей за адзін раз на год у межах сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. То бок, парадак зменены. Пачынаючы са студзеня 2016 года, калі набыў моц згаданы ўказ, нормы закона "Аб пенсійным забеспячэнні" дзейнічаюць толькі тады, калі не супярэчаць нормам указа", — распавядае Еўрарадыё Ларыса Яшкова, намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы.

Саўмін мусіў у двухмесячны тэрмін "забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства" ў адпаведнасць з указам Аляксандра Лукашэнкі. Але ў выпадку з законам "Аб пенсійным забеспячэнні" гэтага не зроблена. Але ў Мінпрацы такім паваротам падзеяў не засмучаныя:

"Указ мае такую ж моц, як закон. Ёсць 137 артыкул Канстытуцыі, у якім вызначана, што ў выніку разыходжання ўказа і закона закон мае вяршэнства толькі тады, калі паўнамоцтвы на выданне ўказа былі нададзеныя законам", — працягвае Ларыса Яшкова.

Вось так: закон беларускім пенсіям цяпер не ўказ. Сёлета і далей яны будуць павышацца не тады, калі для гэтага складуцца пэўныя ўмовы — напрыклад, калі растуць кошты ці сярэдні заробак — а тады, калі захочуць улады, якія цяпер пенсіянерам нічога не вінныя. Адзіная ўмова, якую трэба выконваць: пераразлік мусіць адбыцца як мінімум раз на год. Астатнія абавязкі знятыя: дзяржава перайшла на павышэнне пенсій не па законе, а па магчымасцях — у межах наяўных сродкаў. Калі пры росце сярэдняга заробку на 25% у фондзе ёсць грошы на павышэнне пенсіі толькі на 5,5%, яна павысіцца на 5,5%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі