У Беларусі сёмы раз судзяць пенсіянера — яму ўжо прысудзілі 7 гадоў зняволення

У мужчыны няма сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць. Ён прасіў улічыць пры вынясенні прысуд ягоны ўзрост — але суддзі не пачулі

У мужчыны няма сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць. Ён прасіў улічыць пры вынясенні прысуд ягоны ўзрост — але суддзі не пачулі / pixabay

Беларускі суд у сёмы раз будзе разглядаць справу пенсіянера са Старых Дарог Васіля Дземідовіча. Мужчыне агулам прысудзілі ўжо 7 год пазбаўлення волі і ўнеслі ў спіс тэрарыстаў. Гэтым разам яго судзяць за абразу Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, пішуць праваабаронцы “Вясны”.

Васіль Дземідовіч нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Мінскай вобласці і доўгі час жыў у Наўгародскай вобласці Расіі. Шмат гадоў ён працаваў юрысконсультам, нядаўна павярнуўся ў Беларусь і жыў у Нясвіжы.

У 2020 годзе Васіль Іванавіч быў занепакоены расколам у грамадстве. Напачатку 2021 года ён нават накіраваў ліст у адміністрацыю прэзідэнта, прапаноўваў у гэтым лісце садзіцца за стол перамоваў “і неяк дамаўляцца апазіцыі, як гаворыцца, з уладай”.

— Як у звычайных цывілізаваных краінах, якія б падзеі ні адбываліся звязаныя з пагромамі, як у Францыі, Германіі, яшчэ дзе-небудзь, садзяцца апазіцыя і паліцыя і дамаўляюцца. У нас жа атрымалася трошкі ўсё па-іншаму, — казаў мужчына ў апошнім слове на адным з судоў.

Пенсіянера затрымалі ў 2022 года. Прычынай крымінальнага пераследу сталі каментары ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" і групы "Чат групы Карнікі", якія Васіль Іванавіч пакідаў з верасня 2021 года па студзень 2022 года. Па словах самаго Дземідовіча, частку каментароў пакідаў не ён, а ягоны знаёмы, сваякі якога пацярпелі ад савецкай улады і які з гэтай прычыны крытычна ставіўся да беларускай.

У зняволенні Васіля Дземідовіча ўтрымліваюць ужо амаль год і чатыры месяцы. Яму нельга накіроўваць грашовыя пераводы, а сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць, у мужчыны няма — ягоная жонка памерла. Менавіта пасля яе смерці ён і павярнуўся дадому ў Беларусь.

— Я сумленна пражыў усё сваё жыццё. Потым я пераехаў на сваю радзіму — і не займаўся ніякай палітыкай, не займаўся ніякімі такімі пытаннямі залімітавага характару, не ставіў перад сабой ніякіх мэтаў, каб там уступаць у саперніцтва з уладай і гэтак далей. Меркаваў, што любое грамадства павінна дамаўляцца, члены, якія жывуць у гэтым грамадстве, павінны дамаўляцца, і ні ў якім разе нельга супрацьстаяць адзін аднаму, а то атрымалася, што пасля жніўня 2020 года грамадства раскалолася на дзве паловы.

Там, дзе я жыў па вуліцы Карла Маркса, восем сем'яў з'ехала пасля жніўня 2020 года. З'язджаюць усе, наўпрост збіраюцца і з'язджаюць, гэта ж таксама не справа.

За год 71-гадовы мужчына перажыў дзесяткі этапаў, якія адбываюцца ў цяжкіх умовах і накладаюць адбітак на здароўе Васіля Іванавіча.

Ён прасіў суд улічыць ягоны ўзрост, выносячы рашэнне, але суддзя чарговы раз павялічыў тэрмін яго ўтрымання. Цяпер пенсіянера, які спадзяваўся, што яго заклік да дыялогу пачыюць, будуць судзіць зноў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі