Чаму на кліматычным саміце у Парыжы няма Лукашэнкі

Чаму на кліматычным саміце у Парыжы няма Лукашэнкі

30 лістапада ў Парыжы пачаўся кліматычны саміт ААН. У ім удзельнічаюць дэлегацыі амаль з 200 краін, у тым ліку 147 кіраўнікоў дзяржаў.

На пытанне, чаму саміт не наведае кіраўнік дзяржавы, у прэс-службе адказваюць проста: “было прынятае такое рашэнне”.

Нашу дэлегацыю ўзначальвае “профільны” міністр — прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута. У складзе дэлегацыі чыноўнікі з МЗС, у тым ліку, пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, эксперты, юрысты і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый.

Чаму на кліматычным саміце у Парыжы няма Лукашэнкі

Эколаг, каардынатар таварыства “Зялёная сетка” Яраслаў Бекеш тлумачыць, што канферэнцыя ў Парыжы мае вялікае значэнне:

"Паводле самых аптымістычных чаканняў, цягам гэтых двух тыдняў, краіны мусяць дамовіцца аб ключавых мер па трох накірунках: зніжэнне ўздзеяння на клімат, адаптацыя да наступіўшых зменаў і размеркаванне фінансавых роляў краін пры стварэнні “Зялёнага фонду”".

Грошы з гэтага фонду мусяць быць накіраваныя на адаптацыю да кліматычных зменаў у тыя краіны, якія найбольш ад гэтага пакутуюць, распавядае эколаг.

Асноўны тэзіс сёлетняга саміта ў тым, што наступствы ад зменаў клімату адчуюць ўсе. І таму ўсім краінам трэба зніжаць уздзеянне на атмасферу. У першую чаргу гэта тычыцца Кітая і іншых буйных індустрыяльных дзяржаў.

“Калі Кітай не будзе прымаць меры і не возьме на сябе абавязацельствы, усе астатнія краіны не змогуць дамагчыся пэўнага пазітыўнага выніку. Гэтак жа і без удзелу Індыі, Бразіліі і іншых”, — кажа Яраслаў Бекеш.

Такія вострыя для планеты пытанні вырашаюцца на самым высокім узроўні. Пра гэта сведчаць 147 кіраўнікоў дзяржаў, якія будуць наведваць саміт.

Чаму на кліматычным саміце у Парыжы няма Лукашэнкі
Актывісты Greenpeace усталявалі фэйкавы айсберг на рацэ Сена ў Парыжы з нагоды кліматычнага саміта. Фота: usnews.com

Беларускае кіраўніцтва накіроўвае нават не прэм’ера, а “профільнага” міністра. На думку эколага, наша дэлегацыя будзе вырашаць у Парыжы выключна пытанні тэхнічнага характару:

“Міністэрства прыродных рэсурсаў з’яўляецца органам, у асобе якога дзяржава выказвае сваю пазіцыю і прымае каментарыі, пажаданні і рэкамендацыі. Але міністэрства само не мае мандата на прыняцце ключавых рашэнняў”, — кажа эколаг.

У Мінпрыроды з гэтай нагоды маюць іншае меркаванне. Начальнік Упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Сяргей Заўялаў кажа Еўрарадыё, што кіраўнік дзяржавы даў паўнамоцтвы падпісаць пагадненне, (калі яно не будзе супярэчыць інтарэсам краіны) міністру прыродных рэсурсаў.

“Усё адно потым мусяць праходзіць працэдуры па ратыфікацыі гэтага пагаднення ва ўсталяваным парадку: праз парламент, савет рэспублікі і прэзідэнта”, — тлумачыць начальнік упраўлення.

Чаму на кліматычным саміце у Парыжы няма Лукашэнкі
Фота: Reuters/Christian Hartmann

Беларуская дэлегацыя выконвае шырокі аб’ём работы, распавядае начальнік упраўлення. Да гэтага саміта яна падрыхтавала дакументы па абавязацельствах, якія краіна можа выканаць у агульнай барацьбе са зменамі клімата.

Сярод абавязальніцтваў, якія бярэ на сябе наша краіна — павялічэнне плошчы лясоў з 39,6% да 41% да 2030 года, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый мусіць стаць 8,8%. Таксама мы будзем працягваць забалочваць землі, непрыдатныя для гаспадаркі.

Яшчэ, па словах Заўялава, наша краіна пастаянна змяншае выкіды шкодных газаў у атмасферу. З 1990 года мы сталі забруджваць паветра на 28% меней. Для параўнання Нарвегія — на 40%, Расія — на 25%, ЕС — на 40%.

Беларуская дэлегацыя на саміце таксама будзе настойваць на магчымасці продажу кліматычных квот (калі адна краіна змяншае выкід газаў у атмасферу, яна можа “прадаць магчымасць забруджваць” той дзяржаве, якая зменшыць аб’ём выкідаў не можа). Паводле Кіёцкага пагаднення, напрыклад, Беларусь не змагла выкарыстаць такую магчымасць, скардзіцца Сяргей Заўялаў.

Тым часам сусветныя палітыкі карыстаюцца магчымасцю і выкарыстоўваюць саміт для рашэння палітычных задач. Некалькі палітыкаў ўжо зрабілі гучныя заявы падчас саміту. Напрыклад, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што пакіне сваю пасаду, калі з’явяцца доказы, што Турцыя купляе нафту ў "Ісламскай дзяржавы". А прэзідэнт ЗША Барак Абама з турэцкім прэзідэнтам абмеркавалі шляхі, якімі можна знізіць напружанасць паміж Анкарой і Масквой.

Галоўнае фота: Ian Langsond/EPA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі