Вы тут

Чаму на канцэрце ля Опернага не будзе Кулінковіча, Вольскага і Вайцюшкевіча

Фота Еўрарадыё

Пра папярэднюю праграму святкавання стагоддзя БНР ля Опернага тэатра арганізатары распавялі 15 сакавіка. Яна нарадзіла шмат пытанняў да спісу ўдзельнікаў ― шэрагу музыкантаў, выступу якіх прыхільнікі чакалі, 25 сакавіка на сцэне не будзе. Чаму?

Чуткі пра тое, што Аляксандру Кулінковічу нібыта забараніў выступаць на канцэрце галоўны рэдактар газеты “Беларусь Сегодня” (музыка падпрацоўвае там у якасці калумніста), лідар Neuro Dubel катэгарычна абвяргае.

“Якая “Советская Белоруссия”, я там нават не ў штаце! І “забаяўся выступаць” ― гэта зусім не пра мяне. Проста я вельмі моцна захварэў і вельмі сумнеўна, што буду 25 сакавіка здольны выйсці на сцэну. Тым не менш, калі мы і будзем выступаць, то мы будзем як снег на галаву ― у апошні момант. Я зараз напішу гэта ўсё і на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што па такіх вось тэхнічных прычынах не атрымліваецца”, ― кажа Аляксандр Кулінковіч.

 

Да апошняга моманту арганізатары ўпэўнівалі, што пытанне з выступам у Мінску Лявона Вольскага, хутчэй за ўсё, вырашыцца станоўча. Праблема была ў накладцы: у гэты ж дзень Вольскі мусіць граць на даўно запланаваным канцэрце ў Беластоку. Спадзяванні не спраўдзіліся ― 15 сакавіка музыка паведаміў, што дамовіцца не атрымалася.

 

“Яшчэ летам 2017 году я прыняў прапанову выступіць у гэты дзень на канцэрце да стагоддзя БНР у Беластоку, які ладзяць мясцовыя беларусы. У памяці яшчэ былі свежыя малюнкі з 25 сакавіка 2017, калі я сам ледзь не патрапіў у пастарунак. І цяжка было ўявіць, што праз год улады дазволяць урачыстае свята ў Мінску ў такі дзень.

Свята ў Мінску каля Опернага – гэта выдатная навіна. І я вельмі хацеў там выступіць асабіста. Цягам апошніх двух тыдняў мы спрабавалі дамовіцца з арганізатарамі канцэрта ў Беластоку спачатку пра перанос на іншы дзень. Потым пра перанос хаця б на некалькі гадзін, але яны маюць свае абавязкі і кажуць, што гэта немагчыма.

Я маю быць на сцэне а 17-й па Варшаве (18-я ў Беларусі). Выступіць у Менску а 14-й, даехаць і перасекчы мяжу я проста не паспею. Разам з арганізатарамі свята каля Опернага мы абмяркоўвалі нават варыянт з гелікоптарам, але міжнароднага аэрапорта ў Беластоку няма, а з Варшавы ці Гародні даехаць ізноў не паспяваю. Таму я заспяваю ў Менску ў варыянце тэлемоста. Адбудзецца прэзентацыя маёй песні, прысвечанай стагоддзю абвяшчэння БНР.

Я разумею, што гэта не тое самае, што быць на гэтым канцэрце асабіста, але, перабраўшы ўсе варыянты, хачу ўзяць удзел хаця б такім чынам. Бо гэта наша агульнае свята, і нават такія абставіны не мусяць нас раз’яднаць у гэты дзень. Мы працягваем шукаць іншыя варыянты выступіць у Беларусі ў межах свята, і калі іх знойдзем, абавязкова паведамім вам.

Жыве Беларусь!” ― напісаў Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Не будзе на канцэрце ля Опернага і Змітра Вайцюшкевіча. Але пра гэта было вядома ад пачатку падрыхтоўкі канцэрту. Зміцер у гэты дзень мае канцэрт у Варшаве, які таксама немагчыма адмяніць.

Абмяркоўваецца ў каментарыях і адсутнасць у праграме гуртоў J:морс i Nizkiz, але арганізатары супакойваюць ― маўляў, адсутнасць іх у праграме яшчэ нічога не азначае…