Чаму Еўрасаюз не хоча адпускаць Грэцыю

У Бруселі праходзіць экстраны саміт ЕС, на якім удзельнікі спрабуюць знайсці выйсце з грэчаскага пазыковага крызісу. У нядзелю прэм'ер Грэцыі Алексіс Цыпрас перадаў еўрапейскаму кіраўніцтву новыя прапановы, якія ўжо назвалі “добрай асновай для дасягнення прагрэсу”.

Эксперт ў эканоміцы, старшы дарадца Афіцыйнага валютнага і фінансавага форума, а таксама Сусветнага залатога савета Джон Нуджы распавёў Еўрарадыё, чаму Еўрасаюз прыкладае ўсе намаганні, каб не дапусціць дэфолту у Грэцыі.

“Першая прычына — крэдыторы не хочуць прызнаць, што яны страцілі свае грошы. Другая — ЕС не хоча прызнаваць, што ён не змог дапамагчы Грэцыі, што прапанаваная дапамога не была паспяховай. І трэцяя — яны не хочуць прызнаць, што еўразона не пастаянная, што з яе можна выходзіць. Гэта тры вельмі моцныя прычыны, чаму крэдыторы хочуць утрымаць Грэцыю ў зоне адзінай еўрапейскай валюты”, ― мяркуе эксперт.

Джон Нуджы

Джон Нуджы адзначае, што ўсе гэтыя прычыны важныя для ЕС, але не для Грэцыі. Калі крэдыторы пойдуць на саступкі ўраду Сірызы, гэта ў будучым можа стварыць палітычныя праблемы ў такіх краінах, як Іспанія з левай партыяй “Podemos” ці нават у Францыі. Еўрасаюз хоча дамовіцца з Грэцыяй, але не з грэчаскім урадам.

На думку расійскага фінансавага аналітыка Змітра Тратаса, для Афінаў пераход на ўласную валюту можа адкрыць новыя перспектывы. Але для насельніцтва Грэцыі выхад з зоны адзінай еўрапейскай валюты стане моцным выпрабаваннем:

“Рэзкае скарачэнне дзяржаўных выдаткаў, павышэнне пенсійнага ўзросту, памяншэнне саміх пенсій. Пакуль Грэцыя не хоча ісці гэтым шляхам, пакуль яны знаходзяцца ў зоне еўра, але калі адбудзецца “грэкзіт”, яны будуць вымушаныя зрабіць гэта. І для мясцовых жыхароў настануць вельмі цяжкія часы”.

Але не толькі Афіны “жывуць не па сродках” у ЕС. Чаму ў такую ж крытычную сітуацыю не патрапіла, напрыклад, Ірландыя?

Расійскі аналітык кажа, што Ірландыю можна лічыць узорам выхаду з такога крызісу. У свой час Дублін вырашыў выконваць усе патрабаванні крэдытораў і максімальна скараціў выдаткі: былі зменшаныя зарплаты і пенсіі, павышаныя падаткі. Яны нават скасавалі адну палату парламента, каб зэканоміць на дзяржапараце. Цяпер у краіне эканамічны рост.

Фота: guardianlv.com, flickr.com, vse42.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі