Чаму беларускія “айцішнікі” працуюць для краіны за смешныя грошы

“У нас ёсць падшэфная школа ў горадзе. Ёй пастаянна дапамагаем і будаўніцтвам, і будаўнічымі матэрыяламі. Футбольная каманда “Тарпеда-БелАЗ”, яе мы ўтрымліваем. Яшчэ гандбольная жаночая каманда БНТУ-БелАЗ”, расказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе аўтазавода БелАЗ.

Акрамя гэтага, за прадпрыемствам “замацаваныя” Жодзінскі дзіцячы дом, аздараўленчая база, два фізкультурных комплекса і нават Палац культуры. Цэлы горад. Такі “сацыяльны шлейф” цягнецца за прадпрыемствам з моманту стварэння ў далёкім 1948 годзе. У тыя часы кожны вялікі завод цягнуў за сабой вялізарныя сацыяльныя выдаткі. Пры гэтым для таго ж БелАЗа ніхто не адмяняў і падаткі ў дзяржаўны бюджэт.

Новыя беларускія ІТ-кампаніі-рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій падаткаў не плацяць. Нават падатак на прыбытак іх супрацоўнікі плацяць не 12%, а 9%. Цікавімся, ці ёсць выдаткі на “сацыялку”. У Аддзеле маркетынга і развіцця Парка высокіх тэхналогій расказваюць, што сацыяльныя праграмы дзеляцца на дзве вялікія групы. Першая адукацыйныя мерапрыемствы.

“Ёсць выязныя мерапрыемствы, накшталт прафарыентаваных. На якіх дзецям тлумачаць асаблівасці працы. Вось зусім нядаўна ў Наваполацку адкрылі для зусім маленькіх дзетак IT-Акадэмію”.

Гэтая Акадэмія пакуль адна ў Беларусі. “Вучацца” там дзеці 2-4 класаў. Акрамя яе, за апошнія пяць гадоў кампаніі Парка высокіх тэхналогій заснавалі па ўсёй краіне каля 60 лабараторый своеасаблівых гурткоў, дзе моладзь можа пазнаёміцца з праграмаваннем.

Акрамя адукацыі для дзяцей і падлеткаў кампаніі ПВТ маюць яшчэ адну нагрузку – распрацоўку праграм для дзяржаўных прадпрыемстваў. У адміністрацыі Парка пераконваюць, што ўсё гэта абсалютна добраахвотна, хоць і ствараецца “па смешных коштах”.

“Праграмы ствараюцца па смешных коштах. Па мадэлі замовы і выканання працы. А такія мерапрыемствы, як адкрыццё лабараторый, як стварэнне IT-Акадэміі гэта фінансуецца самімі кампаніямі-рэзідэнтамі”

Сярод прыкладаў такой дапамогі сістэма аплаты за квіткі на сайце “Беларускай чыгункі”, электронныя чэргі ў сталічных паліклініках, мультымедыйная бібліятэка для школьнікаў і настаўнікаў. Агулам кампаніі ПВТ забяспечваюць каля 80% патрэбаў Беларусі ў такіх прадуктах працуючы для айчыннага рынку толькі ў 15% выпадкаў рэшта прадукту ідзе на экспарт.

Калі пытаюся, навошта кампаніі бяруцца за ў прынцыпе нявыгадныя для сябе праекты, чую, што ёсць жаданне працаваць і на ўнутраны рынак. Хаця калі ўлічыць, што заказчыкам працы часам выступае “Упраўленне справамі прэзідэнта”, то можна і не пытацца. Ды і працаваць без падаткаў больш выгадна, чым з імі. Можна і лабараторыю для школьнікаў арганізаваць.

Фота: pokatashkin.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі