Чаму Анатоль Лябедзька так смела ігнаруе выбарчае заканадаўства?

Ад самага пачатку падпісной кампаніі Анатоль Лябедзька і яго зборшчыкі подпісаў дэманстратыўна парушаюць выбарчае заканадаўства. То пікет ля КДБ правядуць з патрабаваннем вызваліць палітвязняў, то агітацыйныя матэрыялы раздаюць. У такіх парушэннях — рэальная пагроза выбыць з выбарчага марафону.

Але што заяўляе кіраўнік ініцыятыўнай групы Лябедзькі Віктар Карняенка на адмысловым пасяджэнні Мінскай гарадской выбарчай камісіі? “Раздавалі, раздаём і раздаваць будзем!” Уражаная, відаць,такім нахабствам, камісія ў даволі мяккай форме “папярэджвае” Лябедзьку.

Дзеянні Анатоля Лябедзькі і яго паплечнікаў выклікаюць падазрэнні: спецыяльна нарываюцца! Тым больш, што і кіраўнік выбарчага штаба лідара АГП Леў Марголін прызнаецца Еўрарадыё, яны не асабліва звярталі ўвагу на літаральнае выкананне выбарчага заканадаўства і “калі трэба, то раздавалі і ўлёткі, і буклеты партыйныя, і візіткі”. Але што гэта можа азначаць, для чаго гэта робіцца, можа, каманда Лябедзькі спецыяльна нарываецца, каб іх знялі за парушэнні, а не за тое, што яны не сабралі 100-тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі прэтэндэнта кандыдатам у прэзідэнты?

“Так, мы часткова таму і ішлі на такую жорсткую кампанію, бо не былі ўпэўненыя, што мы зможам яе працягнуць (сабраўшы 100 тысяч подпісаў у падтрымку вылучэння Анатоля Лябедзькі кандыдатам у прэзідэнты, — Еўрарадыё). Хаця, мы не парушалі так груба, каб быць упэўненымі, што нас здымуць”, — прызнаецца Лёў Марголін

Адкуль такая смеласць? Аказваецца, у штабе Лябедзькі ўпэўненыя, што “ў гэтай кампаніі яны больш патрэбныя ўладзе, чым улада ім”.

“І што наўрад ці будуць нейкія “здымы”, бо могуць застацца Лукашэнка са сваімі спарынг-парнёрамі. І я б сказаў, што гэта пацвердзілася — усё ж такі нам далі папярэджанне, не знялі”, — робіць высновы Марголін.

Толькі вось справа ўся ў тым, што на гэтым этапе зняць Лябедзьку з выбарчага марафона ЦВК проста не можа, кажа старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына. І таму ён можа быць смелым і ісці на парушэнні.

Лідзія Ярмошына: “Дарэмна ў іх кружыцца галава ад эйфарыі: усе дзеянні, якія яны ажыццяўляюць – у межах закона. На дадзены момант у нас увогуле няма прававога механізму, каб узяць і адмяніць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы — ён адсутнічае”.

Але, нягледзячы на гэта, ЦВК мае “механізмы” для назапашвання інфармацыі аб парушэннях, якая можа ў выніку перашкодзіць Лябедзьку стаць кандыдатам у прэзідэнты. Ну, у тым выпадку, калі яны назбіраюць неабходную колькасць подпісаў.

“Падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам могуць стаць дзеянні, парушэнні закона падчас збору подпісаў ініцыятыўнай групай. Гэта, так бы мовіць, назапашванне фактаў парушэння”, — папярэджвае Ярмошына.

Але ці будзе Лябедзьку адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам на падставе ўжо здзейсненых парушэнняў, старшыня ЦВК не адказвае. Маўляў, кампанія па зборы подпісаў будзе цягнуцца яшчэ тыдзень і не выключана, што паводзіны лідара АГП і яго паплечнікаў “зменяцца ў лепшы бок”.

Але тут, перафразуючы Карняенку, можна сказаць, што ініцыятыўныя групы Анатоля Лябедзькі “парушалі, парушаюць і парушаць будуць”. Леў Марголін запэўнівае: яны, маўляў, выбралі сабе стратэгію паводзінаў і будуць яе прытрымлівацца да 21 жніўня, дня, калі збор подпісаў заканчваецца.

Фота і відэа: http://www.ucpb.org/, Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі