Чалавек за спінай: чаму Лукашэнка памяняў Румаса на Галоўчанку

Лукашэнка распісваецца на "Паланэзе", Раман Галоўчанка ў яго за спінай / ТГ-канал "Пул Первого"
Лукашэнка распісваецца на "Паланэзе", Раман Галоўчанка ў яго за спінай / ТГ-канал "Пул Первого"

Памятаеце, зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка распісаўся на беларускай ракеце для ЗРК "Бук"? Кіраўнік Дзяржкамваенпрама Раман Галоўчанка ў гэты момант стаіць у яго за спінай. "Вы заснавальнік ракетабудавання ў Беларусі", — робіць ён камплімент кіраўніку дзяржавы.

Праз два тыдні, 4 чэрвеня, Лукашэнка аб'яўляе новы склад урада, які днямі адправіў у адстаўку. Раман Галоўчанка становіцца прэм'ер-міністрам.
 

Не ракетамі адзінымі

Узначальваць урад будзе паспяховы кіраўнік адной з нешматлікіх паспяховых галін. Пад кіраўніцтвам Рамана Галоўчанкі беларуская "ваенка" задыхала на поўныя грудзі. За апошнія гады была створана сістэма процідзеяння беспілотнікам, наладжана вытворчасць патронаў на экспарт, пастаўлены "інтэлектуальныя" прыцэлы ў Сербію. Жаданне дзейных уладаў выхваляцца ўсім гэтым на вайсковых парадах цалкам вытлумачальнае.

Хоць адразу ж успамінаецца нядаўні твіт Мінабароны пра першую снайперскую вінтоўку, вырабленую ў Беларусі. Аказалася, што гэта копія расійскіх патэнтаваных распрацовак. Пасля таго як на твіт адгукнуўся сузаснавальнік Sureshot Armament Group Валянцін Уласенка, запіс быў выдалены.
 

Мабілізацыя замест мадэрнізацыі

Яшчэ адно тлумачэнне прызначэнню прапануе палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман: "Лукашэнка бачыць рашэнне ўсіх праблем у эканоміцы ў мабілізацыі на ваенны ўзор. Трэба проста напружыцца і працаваць лепш. Навошта яму нейкія банкіры-лібералы, якія носяць дзіўныя паперкі?"

Папярэдні прэм'ер-міністр Сяргей Румас пасля сыходу з пасады не ўвойдзе ў новы склад урада, ён вяртаецца ў бізнес. Ці ўдасца новаму прэм'еру зразумець адрозненне эканомікі краіны ад экспарту цягачоў і вытворчасці ракет?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі