Вы тут

Цапкала: хочам правесці апытанне людзей, подпісы якіх лічаць несапраўднымі

Валерый Цапкала / Еўрарадыё

Валерый Цапкала заявіў, што хоча правесці апытанне людзей, подпісы якіх выбаркамы лічаць несапраўднымі. Такі план палітык агучыў 1 ліпеня падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску. Было сабрана 212 тысяч подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. З іх паспелі здаць 160 тысяч подпісаў. Каля паловы з іх забракавалі. Сапраўднымі прызналі толькі 75 тысяч, а гэта мала для таго, каб быць зарэгістраваным.

"Будзем чакаць рашэння ЦВК 14 ліпеня. Маем тры дні на апратэставанне", — кажа палітык. Ужо падрыхтаваны запыты на абласныя выбарчыя камісіі.

"Побач былі сталы нашы і Канапацкай. У яе стала больш подпісаў, а ў нас удвая менш!", — гаварыў Цапкала пра вынікі збору подпісаў у сталіцы.

Валерый Цапкала абураны сітуацыяй у Гродне: адзін чалавек за адным сталом дапускае памылкі такія розныя — 1,8% і 16% "браку" подпісаў у розных раёнах.

"Спачатку пройдзем працэс юрыдычны, а пасля, безумоўна, будзем з кімсьці з людзей, хто застанецца ў спісе прэтэндэнтаў, разглядаць варыянт аб'яднання", — сказаў палітык у адказ на пытанне пра магчымае аб'яднанне з іншымі прэтэндэнтамі. Паводле яго слоў, з іншых штабоў такіх прапаноў пакуль не было.

"Да мяне пакуль не звярталіся", — Цапкала пра даследчую праверку па заяве бізнесмена з Турцыі. "Поўнае трызненне, нават каментаваць не хочацца. Я не разумею, што яны будуць правяраць... Такое ўражанне, што хтосьці фекалій у рот набраў і плюнуў", — заявіў палітык.

Валерый Цапкала — былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій, індывідуальны прадпрымальнік.

У Віктара Бабарыкі забракавалі 200 тысяч подпісаў з 365 тысяч. Яго штаб абураны гэтым і патрабуе тлумачэнняў, падае скаргі. Сам Бабарыка з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.