Вы тут

Экс-сілавікі: палітактывіста Дзядка затрымалі з дапамогай праграмы "Сінезіса"

Мікалай Дзядок / Еўрарадыё

Ініцыятыва экс-сілавікоў заявіла, што выявіла людзей, адказных за затрыманне і катаванні палітычнага актывіста і блогера Мікалая Дзядка, якога затрымалі 12 лістапада.

Паводле іх інфармацыі, у кастрычніку 2020 года супрацоўнікі ГУБАЗіК выявілі знаёмую дзяўчыну Дзядка, з якой той перыядычна сустракаўся. За ёй было арганізаванае назіранне. Былі канфіскаваныя відэазапісы з камер відэаназірання Мінскага метрапалітэна. Для пошуку Мікалая Дзядка сярод пасажыраў выкарыстоўвалася праграма KiPod, распрацаваная кампаніяй Synesis. 

Так сілавікі змаглі даведацца, што Мікалай Дзядок хаваецца і жыве ў пасёлку Сасновы ў Асіповіцкім раёне. Адтуль ён на маршрутцы рэгулярна ездзіў у Мінск і садзіўся ў метро на станцыі "Магілёўская".

Пасля затрымання Мікалай Дзядок падвергся катаванням з боку сілавікоў. Дзяржаўныя прапагандысцкія медыя апублікавалі відэа з яго прызнаннямі, на якім відаць прымяненне супраць палітычнага актывіста слезацечнага газу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.