Былыя палітвязні: Нашае вызваленне - не падстава для перагляду пазіцыі ЕС

Былыя палітычныя зняволеныя не лічаць сваё вызваленне падставай для перагляду пазіцыі Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі.
26 жніўня ЕС заявіў, што яго члены "вітаюць вызваленне двух апошніх палітзняволеных Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма".

"Іх вызваленне ўслед за пяццю адпушчанымі ў пачатку года палітзняволенымі і вызваленнем Аляксандра Казуліна азначае, што ў Беларусі больш няма міжнародна прызнаных палітычных зняволеных. Такое развіццё падзей стварае магчымасць для аднаўлення дыялогу з беларускімі ўладамі і магчымасць перагляду абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі", - гаварылася ў заяве.

У інтэрв'ю БелаПАН былы палітзняволены Андрэй Кім зазначыў: "Палітыка захадаў насустрач адзін аднаму прадугледжвае крокі ў адказ. Улады Беларусі зрабілі крок - вызвалілі мяне, Парсюкевіча і Казуліна. Аднак крокі, што прывялі да нашага вызвалення, не з'яўляюцца нашай поўнай рэабілітацыяй. Мы працягваем дамагацца поўнай рэабілітацыі і рэабілітацыі ўсіх, хто быў асуджаны за акцыі пратэсту прадпрымальнікаў зімой гэтага года. Мне падаецца, што Еўропа павінна гэта ўлічваць".

Прыкладна такога ж пункту гледжання прытрымліваецца Сяргей Парсюкевіч: "Дыялог — справа карысная і патрэбная. Аднак Еўропе важна ўсведамляць, што гэты дыялог можа пераўтварыцца ў маналог. Беларускія ўлады могуць "браць у закладнікі" сваіх грамадзян і патрабаваць у адказ на іх выпуск нейкіх прэферэнцый у адносінах да вышэйшага кіраўніцтва краіны, інвестыцый і г.д. Вызвалене трох чалавек яшчэ нічога не азначае. Нас вызвалілі, але не знялі судзімасць, не рэабілітавалі. Апрача таго, за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў асуджаны і іншыя людзі, якія значна абмежаваныя ў правах". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі