Былыя фігуранты справы “Белага легіёна” патрабуюць кампенсацыю маральнай шкоды

Былыя фігуранты справы “Белага легіёна” патрабуюць кампенсацыю маральнай шкоды

Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў падалі калектыўны грамадзянскі пазоў у суд Маскоўскага раёна Мінска.

Пазоўнікі, як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", просяць кампенсаваць маральную шкоду за незаконнае затрыманне, прыцягненне іх у якасці абвінавачаных, утрыманне пад вартай, а таксама выкарыстанне падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Адказнікам у справе выступае Міністэрства фінансаў.

Папярэдняе судовае слуханне прызначана на 27 сакавіка, 14.30. Справу будзе разглядаць суддзя Вольга Краўчанка.

Пазоўнікі разлічваюць на грашовую кампенсацыю, бо ўвесь той час, які правялі за кратамі, а таксама пасля вызвалення перажывалі вялікія маральныя пакуты. Напрыклад, Сяргей Стрыбульскі вырашыў патрабаваць кампенсацыю менавіта таму, што трывожыўся за блізкіх, сяброў і з-за іх перажыванняў за ягоны лёс. Больш за ўсё ён шкадуе пра скрадзены час. Таксама пазоўнікі звязваюць свае маральныя пакуты з пачуццём прыніжэння гонару і годнасці ў выніку дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ, з пачуццём прававой неабароненасці, з паніжэннем для некаторых з іх сацыяльнага і прафесійнага статусу і г.д.

Падчас папярэдняга слухання Дундукоў, Мароз, Стрыбульскі і Данілаў змогуць падрабязна распавесці пра абставіны, якія паўплывалі на іх маральны стан падчас зняволення і пасля яго.

Крымінальную справу "Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" КДБ пачаў год таму — перад акцыяй 25 сакавіка 2017 года. У рамках гэтай справы былі затрыманыя больш за 30 чалавек, якіх трымалі ў следчых ізалятарах КДБ і МУС. Частку з іх паступова вызвалілі з-пад варты і спынілі іх крымінальны пераслед. Супраць 16 чалавек былі выстаўленыя абвінавачанні ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Пазней Следчы камітэт спыніў гэтую крымінальную справу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі