Былы следчы: ёсць афіцэры, якія працуюць супраць начальнікаў

Яўген Юшкевіч / Дождь
Яўген Юшкевіч / Дождь

Былы мінскі следчы Яўген Юшкевіч за адзін тыдзень паспеў вярнуцца ў Беларусь, трапіць у ізалятар, стаць падазраваным па крымінальнай справе, выйсці з СІЗА і дачакацца вызвалення сваёй дзяўчыны з КДБ. У інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу "Дождь" Юшкевіч расказвае пра сваё затрыманне і ўнутраную кухню сілавых структур. Публікуем галоўнае.
 

Падумаў, што імавернасць майго затрымання — 50%

— Я звольніўся з СК некалькі гадоў таму. Сёлета арганізаваў праект дапамогі на цяперашні момант звольненым супрацоўнікам сілавых структур, у тым ліку і дзяржслужачым. Мы іх перанавучаем на грамадзянскія спецыяльнасці.

Чаму я паехаў з Беларусі? Баяўся затрымання, як і ўсе. Чаму вярнуўся? Зайграў гонар. Чаму я вымушаны жыць не на сваёй зямлі, хоць я грамадзянін Беларусі і ўсё жыццё тут пражыў? Падумаў, што імавернасць майго затрымання не 100 адсоткаў, а адсоткаў 50. Вырашыў, што гэтага дастаткова, каб вярнуцца.
 

У сілавых структурах ёсць партызанскі рух

— У мяне шмат кантактаў у сілавых структурах. Я звольніўся некалькі гадоў таму, але пасля гэтага збіраў "інсайды", настроі, публікаваў усё гэта. Натуральна, сілавікам не падабалася, што паказваюць іх унутраную кухню. Мяне некаторыя гнабяць за тое, што я абяляю сілавікоў — кажу, што там ёсць своеасаблівы партызанскі рух. Але гэта праўда: ёсць супрацоўнікі, якія фактычна блакуюць выкананне злачынных загадаў. Мне вядомыя выпадкі ў афіцэрскім асяроддзі, калі сілавікі працуюць супраць сваіх начальнікаў. Робяць гэта ціха, непрыкметна.

Канкрэтна маё затрыманне было для таго, каб знайсці такіх людзей. Тых, хто працуе супраць сістэмы, хто за народ. Цэлыя спецслужбы кінутыя на тое, каб знайсці нелаяльных у сілавых ведамствах і звольніць іх. І вось, са мной асабіста размаўлялі супрацоўнікі КДБ, спрабавалі прымусіць расказаць, каго я ведаю.

Бывший следователь: есть офицеры, которые работают против начальников
АМАП / Еўрарадыё

Амапаўцы думаюць, што абараняюцца

— Сілавікі — гэта не маналіт, яны вельмі розныя. Гэта і амапаўцы з дзевяццю класамі адукацыі, і следчыя з трыма вышэйшымі. Мы бачым на вуліцы тых, хто разганяе пратэсты, і лічым, што вось гэта і ёсць сілавікі. Але ёсць яшчэ мытня, контрвыведка, аператыўнікі, наркакантроль. І не ўсе яны маюць дачыненне да беспасярэдняга задушэння пратэстаў або пагрозы жыццю людзей.

У баявых падраздзяленнях у мяне менш за ўсё кантактаў, таму што сам я працаваў у юстыцыі. Аднак "хваляванні" былі і там, толькі жорстка задушваліся. Гэтыя сілавікі баяцца, як правіла. Таксама іграюць ролю грамадскія настроі. Супрацоўнікі баявых падраздзяленняў знаходзяцца на вайне супраць усіх. Іх не любяць, іх цкуюць. І яны сапраўды цяпер думаюць, што абараняюць сябе і сваю сям'ю.
 

Затрымлівалі з аўтаматамі, надзелі мяшок на галаву

— Я падазраваны па крымінальнай справе. Гэта значыць, мяне затрымлівалі з аўтаматамі, праводзілі ператрус дома, мяшок на галаву надзелі. Але ў маім выпадку гэта было ў рамках пратакола. Ніякіх відавочных парушэнняў маіх правоў не было і ў СІЗА. Можа, праз маю публічнасць, многія сілавікі мяне ведаюць. Некаторыя нават таемна, ціха давалі зразумець, што яны на маім баку.

Хваляванне ў сілавых структурах сапраўды адбываецца. Усё накіпае, назапашваецца. Беларусы нічога не забываюць. Рана ці позна, можа праз дзень ці год, гэта прывядзе да таго, што "параварка" выбухне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі