Былы палітвязень Барановіч на судзе ў калоніі расказаў пра катаванні

Былы палітвязень Барановіч на судзе ў калоніі расказаў пра катаванні

На судзе ў Наваполацкай калоніі Святаслаў Барановіч, які адбывае 3 гады зняволення за збіццё міліцыянта падчас "маршу недармаедаў", заявіў пра катаванні з боку супрацоўнікаў калоніі.

"Ставяць на "расцяжку" за метр ад сцяны, б’юць да сінякоў па нагах. Таксама штучна чапляюцца і накладаюць на яго ўсё новыя спагнанні за дробязі кшталту таго, што не выцер пыл на вакне. У выніку ў яго больш за 15 спагнанняў, зноў сядзіць у карцары", — расказала сястра вязня Наталля ў каментары Радыё "Свабода".

5 лістапада на судзе ў Наваполацкай калоніі Барановіч спрабаваў аспрэчыць 11 накладзеных на яго спагнанняў. Вязень лічыць, што катаванні супраць яго ўжываюць, каб ён не змагаўся за свае правы і перастаў пісаць скаргі. 

Суддзя Сняжана Калінічэнка, якая разглядала скаргі Барановіча, не задаволіла іх. Цяпер вязня чакае новы суд, на якім вырашаць, ці пераводзіць яго з калоніі ў "крытую" турму з больш строгім рэжымам. 

Сястра распавядае, што Барановіча запісалі ў "небяспечныя вязні", абвінаваціўшы, што ён скраў лыжку і затачыў, каб напасці на кагосьці з ахоўнікаў. "Хоць гэта неверагодна, бо часу ў яго нібыта зусім не было", — заяўляе Наталля.

Сёлета ўвесну Святаслава Барановіча асудзілі на тры гады зняволення. Нагодай сталі падзеі гадовай даўніны ў Мінску: пасля "маршу недармаедаў" міліцыянты ў цывільным хапалі ўдзельнікаў, а Барановіч заступіўся за іх. На судзе мужчына прызнаў віну, але сказаў, што не мог ведаць дакладна, нападае ён на міліцыянта ці на хулігана, бо той быў у цывільнай вопратцы.

Многія праваабаронцы не прызналі Барановіча палітвязнем, бо ён ужыў сілу супраць нападнікаў. Аднак усе яны аднагалосна прызнаюць, што яго правы ў калоніі груба парушаюцца.

У 2011 годзе Барановіча асудзілі на зняволенне з адтэрміноўкай за "Плошчу-2010". Пакуль Барановіч быў за кратамі, яго прызналі палітвязнем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі