Вы тут

Былы намеснік старшыні Мінгарвыканкама асуджаны на 12 гадоў калоніі

Андрэй Дамарацкі ў судзе / TUT.by

Былы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі асуджаны на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд Цэнтральнага раёна прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжы, шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Пракурор прасіў для Дамарацкага 13 гадоў калоніі. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.

Чыноўнік знаходзіўся за кратамі з траўня мінулага года. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару ад бізнесмена ў памеры 2,5 тысячы долараў (у судзе бізнесмен адмовіўся ад сваіх ранейшых паказанняў), у незаконным атрыманні прэміі ў памеры тысячы долараў (ён яе вярнуў яшчэ да затрымання). У сваім апошнім слове Дамарацкі заявіў, што не здзяйсняў злачынстваў, інфармуе TUT.by.

Цікава, што тыя ж 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму атрымаў былы памочнік кіраўніка дзяржавы па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка. Але ён атрымаў не менш за 200 тысяч долараў хабару.

Больш важных навінаў у праграме "Петарда" 5.07: