Былога лідара Кітая Ху Цзіньтаа вывелі пад рукі з прэзідыума на з'ездзе Камуністычнай партыі Кітая, піша BBC. Мяркуючы па відэа, для 79-гадовага палітыка гэта стала нечаканасцю — ён відавочна не хацеў пакідаць сваё месца. Што стала прычынай інцыдэнту — не паведамляецца.
У прэзідыуме Ху Цзіньтаа сядзеў побач з цяперашнім лідэрам краіны Сі Цзіньпінам. Калі былы кіраўнік Кітая ўсё ж выйшаў з прэзыдыюму, ён нешта сказаў Сі, і той кіўнуў яму ў адказ. Пасля гэтага Ху Цзіньтаа вывелі з залы паседжанняў.
Чакаецца, што пасля з'езда Камуністычнай партыі Кітая, які праходзіць з 16 па 22 кастрычніка, 69-гадовы Сі Цзіньпін будзе абраны на чарговы пяцігадовы тэрмін лідара партыі і краіны. Раней гэтую пасаду нельга было займаць больш за два тэрміны, але Сі Цзіньпін ініцыяваў адмену такой нормы яшчэ ў 2018 годзе і перапыніў кітайскую традыцыю адпраўляць сваіх кіраўнікоў на пенсію не пазней за 68 гадоў.
Ху Цзіньтаа быў лідэрам Кітая з 2003 па 2013 год і перадаў уладу Сі Цзіньпіну пасля двух пяцігадовых тэрмінаў.