Вы тут

Было чуваць да Белага дому — Марыя Забара пра пратэст супраць грошай МВФ

Марыя Забара ля офіса МВФ

Да таго як МВФ абвясціў пра свой намер вылучыць сродкі рэжыму Лукашэнкі, Марыя Забара не ўдзельнічала ні ў якіх пратэстных акцыях, якія арганізуе дыяспара ЗША. Але выдзяленне грошай беларускім уладам яе так уразіла, што яна вырашыла ехаць у Вашынгтон. З Марыяй пагутарыў польскі тэлеканал, які асвятляе падзеі ў Беларусі.

"У мяне не было часу з кімсьці знаёміцца і каардынаваць пратэст. Бо мне не з беларусамі трэба было размаўляць, а з Джанет Йелэн (міністр фінансаў ЗША — Еўрарадыё)", — распавядае Марыя.

Але пра яе даведаліся беларусы ў Вашынгтоне і тут жа прапанавалі дапамогу — палатку, ежу, сцягі і плакаты. Нават зрабілі дазвол на пратэст, хоць акцыю да 25 чалавек можна не ўзгадняць.

"Нават замовілі мне мегафон. І ён рэальна вырашыў пытанне, таму што так проста стаяць — на мяне ніхто не звяртаў увагі, а з ім мяне было чуваць да самага Белага дому", — кажа Марыя.

Яна прастаяла каля офіса МВФ увесь дзень з раніцы да вечара. У нейкі момант даведалася, што Джанет Йелэн — у адпачынку, але тым не менш працягнула акцыю ў надзеі дастукацца да чыноўнікаў.

"Яна адмяніла грант Афганістану. То-бок калі ім вельмі моцна хочацца, яны могуць што заўгодна вырашыць, таму ніякія адгаворкі не прымаліся", — падкрэсліла Забара.

Марыя разам з новымі знаёмымі з Вашынгтона мае намер працягнуць ціснуць на палітыкаў праз асабістыя кантакты, якія напрацавала дыяспара.

Пастанова МВФ аб размеркаванні краінам-удзельніцам фінансавай падтрымцы на пераадоленне наступстваў COVID-19 увайшла ў дзеянне 23 жніўня. На рахункі краін было пераведзена каля $ 650 млрд. Беларусі дасталася прыкладна 0,95 мільярда долараў.

Гэтыя сродкі паступаюць на рахунак не ў валюце, а ў SDR (спецыяльных правоў запазычання), якія яшчэ трэба канвертаваць. Адзін з варыянтаў ва ўмовах еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый — дамовіцца з Расіяй і атрымаць свае сродкі ў расійскіх рублях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.