Бяляцкі: затрыманыя па "справе выбухаў" рыхтаваліся да ўдзелу ў выбарах

Колькасць затрыманых па падазрэнні ў арганізацыі выбуху падчас святкавання Дня незалежнасці пайшла на другі дзесятак. З гэтай нагоды праваабаронцы і сваякі затрыманых актывістаў правялі ў Мінску прэсавую канферэнцыю, якая пакінула пасля сябе больш пытанняў, чым адказаў. Напрыклад, праваабаронца Валянцін Стэфановіч прадэманстраваў прысутным копіі пратаколаў затрыманняў: Валянцін Стэфановіч: "У гэтых пастановах ніякіх матываў, якія тлумачаць, чаму менавіта гэтыя асобы прыцягнутыя ў якасці падазраваных, няма. Няма спасылак на тое, што яны падобныя да фотаробатаў, ці на тое, што на іх указалі нейкія сведкі падзеі. Ніякіх падставаў".

Такім чынам, праваабаронцы робяць выснову: МУС і КДБ хутчэй не займаюцца рэальным пошукам злачынцаў, а імітуюць актыўную дзейнасць. На пытанне, чаму яны прычапіліся менавіта да чальцоў былога "Белага легіёну", уцямнага адказу таксама няма. Па словах маці Сяргея Чыслава, якога затрымалі першым, арганізацыя не мела за мэту аніякіх палітычных дзеянняў.

Маці Сяргея Чыслава: "Гэта быў спартыўна-патрыятычны лагер, бо я ведаю, як быў настроены мой сын: ён ніколі не пасягнуў бы на, так скажам, устоі гэтай дзяржавы, але ён разумеў, што нейкім чынам трэба выхоўваць здаровую нацыю".

Алесь Бяляцкі зазначыў, што некаторыя з затрыманых па "справе 3-4 ліпеня" меркавалі ўвайсці ў вклад выбарчых камісіяў.

Алесь Бяляцкі: "Як такім чынам, на такім фоне могуць праходзіць (як нас запэўніваюць улады) свабодныя дэмакратычныя выбары, калі грамадства запалохана гэтам тэрорам, скіраваным супраць грамадскіх актывістаў?"

А тым часам пытанне, ці толькі гэтыя 13 чалавек будуць выключаныя з выбарчай кампаніі, застаецца адкрытым.

Фота — ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі