Бялкоўскі: Не трэба склікаць Саўбез ААН — трэба склікаць савет псіхіятраў

Цалкам размову са Станіславам Бялкоўскім можна паслухаць:

Свае прагнозы адносна магчымага сцэнару вырашэння “крымскага канфлікту” Еўрарадыё выказвае вядомы расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі.

Еўрарадыё: У часопісе Forbes эксперты аналізуюць пяць верагодных сцэнараў вырашэння “Крымскага канфлікту”…

Станіслаў Бялкоўскі: Я вас адразу перапыню, можна? Я лічу, што ўладальніка часопіса Forbes Стыва Форбса, мяне і галоўнага рэдактара “Эха Москвы” Аляксея Венедыктава неабходна аддаць пад Гаагскі трыбунал. Каб больш ніхто не рабіў так, як рабілі мы. Бо гэта мы аб’явілі Пуціна вялікім. І тое, што зараз адбываецца, гэта вынік маіх намаганняў, намаганняў Венедыктава, а таксама — Forbes. Бо менавіта Forbes назваў Пуціна самым уплывовым чалавекам свету. Ён гэта зрабіў па прыколе, я разумею, але ж Пуцін гэтага прыкола не зразумеў — ён падумаў, што гэта ўсё па-сапраўднаму. Вось і здарылася тое, што здарылася. Пуцін страціў розум рэальна! Не ў пераносным сэнсе, а ў прамым. Таму, ніякіх “5 сцэнараў” няма, а ёсць толькі адзін — Бахрэйн, Пяты флот ВМС ЗША, тактычны ядзерны ўдар па Чарнаморскім флоце. Ніякіх іншых варыянтаў няма. І не трэба склікаць Савет бяспекі — трэба склікаць савет псіхіятраў інстытута імя Сербскага. У Гаагскім трыбунале павінны быць Форбс, Венедыктаў і я, а Пуцін павінен быць у інстытуце Сербскага. Гэта я вам адказна заяўляю. І вось учора я быў у амерыканскай амбасадзе ў Маскве і сказаў яго адказным супрацоўнікам, што менавіта так і трэба зрабіць. А ў дадатак да гэтага неабходна арыштаваць Рамана Абрамовіча, які знаходзіцца ў Лондане. Бо Абрамовіч блізкі сябра Пуціна, і гэта вельмі паўплывае на сітуацыю. Я прашу вас перадаць мае словы дакладна — вы ж не ў Расіі знаходзіцеся, вы не баіцеся?

Еўрарадыё: І якім чынам, на ваш погляд, можна накіраваць прэзідэнта Расіі ў інстытут Сербскага?

Станіслаў Бялкоўскі: Вельмі проста — Бахрэйн, Пяты флот ЗША наносіць тактычны ядзерны удар. Гэта робіцца за дзве секунды. Чарнаморскі флот знікае і ў гэты момант мазгі ва ўсіх становяцца на месца. Калі чалавек страчвае розум, то неабходныя вельмі моцныя прэпараты, каб прывесці яго ў свядомасць. Слабыя прэпараты не дапамогуць — ніякія кансультацыі, нарады, пасярэдніцтва. Якое можа быць пасярэдніцтва з вар’ятам?! Неабходная карная псіхіятрыя, якая робіцца вельмі проста — з Бахрэйна. Зараз галоўны цэнтр карнай псіхіятрыі ў свеце — гэта Бахрэйн. Менавіта Бахрэйн павінен вырашыць лёс свету. Бо зараз пачынаецца сусветная вайна, а калі такая вайна пачынаецца, то ніякія перамовы не маюць значэння.

Еўрарадыё: Вельмі не хочацца трэцяй сусветнай вайны, тым больш — ядзернай…

Станіслаў Бялкоўскі: Не будзе трэцяй сусветнай вайны! Калі вы мне не верыце і лічыце, што я вярзу нейкую бязглуздзіцу, то перапытайце ваенных экспертаў, якія добра разбіраюцца ў тэме. Разумееце, ядзернае раззбраенне адбылося — у Расіі няма ядзернай зброі.

Еўрарадыё: І адказаць на стрэл з Бахрэйна…

Станіслаў Бялкоўскі: … яна не зможа. Бо проста не выйдзе з шахт нічога. Бо ўсё вельмі старое. Нельга на машыне “Запарожац” 1968 года вырабу змагацца на хуткасць з “Мерседэсам” 2014 года вырабу. Гэта смешна. І таму неабходна толькі палітычная воля, рашучасць.

Еўрарадыё: І што ў адказ на сваю прапанову вырашэння “крымскага канфлікту” вы пачулі ў амерыканскай амбасадзе?

Станіслаў Бялкоўскі: Я ж не з Баракам Абамам гаварыў — я нічога не пачуў у адказ. Паглядзім.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што ў Абамы хопіць палітычнай волі на тое, каб рашыцца на ядзерны удар па Чарнаморскім флоце?

Станіслаў Бялкоўскі: Я адзін раз у жыцці бачыў Барака Абаму. Ён тады яшчэ не быў прэзідэнтам і выступаў у Берліне. Ён выступаў на плошчы, і паслухаць яго прыйшло 200 тысяч чалавек. Гэта чалавек вельмі магутны. На наступны дзень я перазваніў усім сваім сябрам і сказаў, што ён дакладна будзе прэзідэнтам ЗША. Стаў. Разумееце, ёсць вельмі важны псіхалагічны прынцып — самыя страшныя словы кажуць ціхім голасам. Калі чалавек не ладзіць істэрыкі, то гэта не азначае, што ён слабы — менавіта слабыя ладзяць істэрыкі. Моцныя людзі ўсё вырашаюць ціхім, спакойным і роўным тонам. Я лічу, што ён можа ўдарыць.

Еўрарадыё: І ўсё ж — ці разглядаеце вы верагоднасць аддзялення Крыма і пераходу яго пад юрысдыкцыю Расіі?

Станіслаў Бялкоўскі: Ніякага аддзялення Крыма не будзе. Усё.

Еўрарадыё: Добра, а варыянт пашырэння яго аўтаноміі?

Станіслаў Бялкоўскі: А вось пашырэнне аўтаноміі — так. Калі гэта з’яўляецца прадметам гандлю, то пашырэнне аўтаноміі магчымае. Уласна кажучы, ідэя Крыма і будавалася на тым, што ён з’яўляецца фактычна незалежным, але фармальна знаходзіцца ў складзе Украіны. Як Чачня — фактычна незалежная, але фармальна знаходзіцца ў складзе Расіі. Гэта як кампраміс нармальна. Не зразумела толькі, чаму трэба распачынаць сусветную вайну для гэтага. Наконт гэтага можна было дамовіцца вельмі хутка і так, без усялякай вайны.

Еўрарадыё: Ці будзе такі варыянт добрым для Крыма і для Кіева?

Станіслаў Бялкоўскі: Крым — сакральны. Раман Васіля Аксёнава “Востраў Крым” напісаны не выпадкова. Гэта будзе добра для ўсіх — гэты “чачэнскі сцэнар”. Калі ёсць фактычная незалежнасць пры фармальным знаходжанні ў складзе Украіны.

Еўрарадыё: Такую незалежнасць Крыма з арыентаванасцю на Расію эксперты параўноўваюць з “незалежнасцю” Прыднястроўя…

Станіслаў Бялкоўскі: Гэта сцэнар не Прыднястроўя, а Чачні — яны зусім розныя, гэтыя сцэнары. Прыднястроўе не прызнае сябе часткай Малдовы, і ў гэтым кардынальнае адрозненне. Калі тэрытарыяльная адзінка фармальна знаходзіцца ў складзе Украіны, але падпарадкоўваецца толькі сабе — я лічу, што гэта аптымальна.

Еўрарадыё: Якія палітычныя наступствы будзе мець Расія ад гэтага канфлікту, калі такія рашэнні прынятыя на міжнародным узроўні?

Станіслаў Бялкоўскі: Уявіце сабе, што мы з вамі сустракаемся 22 чэрвеня 1941 года і задаём такое пытанне — вы думаеце, я здолеў бы вам адказаць, што будзе заўтра? Не трэба ніякіх Саўбезаў ААН і гэтак далей — неабходная тэрміновая шпіталізацыя Пуціна і змена прэзідэнта Расіі.

Фота: http://finam.fm/