Буйная партыя абутку "Белвест" згарэла на складах Wildberries

Абутак Belwest

Абутак Belwest / фота са старонкі Belwest у Фэйсбуку

Пры пажарах на расійскіх складах Wildberries згарэла буйная партыя абутку кампаніі "Белвест". Пра гэта беларускі вытворца паведаміў у сацсетках.

"На жаль, гэтая бяда не абмінула нас бокам: згарэла вялікая партыя нашага абутку, які мы з такой любоўю шылі для вас. Скажам шчыра: сітуацыя няпростая, і нам цяпер крыху сумна", — заяўляюць у кампаніі.

"Белвест" просіць пакупнікоў, якія планавалі што-небудзь купіць, не адкладаць гэта, каб дапамагчы брэнду хутчэй аднавіцца.

У кампаніі не назвалі ні памер шкоды, ні колькасць знішчанага. Таксама няма звестак, ці плануе "Белвест" атрымаць кампенсацыю ад Wildberries.

Лагістычныя хабы кампаніі Wildberries апошнімі тыднямі сталі адной з асноўных цэляў пры атаках украінскіх беспілотнікаў. Беларускі бізнес просіць дапамогі Мінэканомікі, каб атрымаць кампенсацыю за страты, панесеныя пры пажарах на складах Wildberries. Паведамляецца, што там захоўвалася прадукцыя больш як 22 тысяч кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў з Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.