Бугрова: Аўтарытарызм зашыты белымі ніткамі, швы разыходзяцца

Пра тое, як у Беларусі фармуецца кіраўнічы апарат, разважае палітолаг Ірына Бугрова. Аўтарытарызм у нас зашыты белымі ніткамі, а швы разыходзяцца, — кажа эксперт.

Бугрова Ірынапалітолаг, эксперт Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў.

Еўрарадыё: Калі прэзідэнт прыйшоў да ўлады, у яго не было каманды і яму давялося запрашаць людзей з каманды саперніка. І нічога. У апазіцыі таксама няма кабінета міністраў… Гэта нармальна? Вось калі ўявіць, што апазіцыя прыйшла да ўлады — хто будзе прэм’ерам? А міністрам эканомікі? Кіраўніком Нацбанку? Каго з сучасных міністраў вымушаная была б пакінуць апазіцыя?

Бугрова: Калі нават гіпатэтычна ўявіць, што прыйдзе да ўлады апазіцыя, то сёння ніхто не кажа, што немагчыма кагосьці пакінуць. Апазіцыі будзе цяжка займацца кіраваннем без гэтых людзей — доўгае знаходжанне па-за сістэмай усё ж такі дае пра сябе ведаць. Таму, давядзецца і звяртацца, і сядзець разам.

Я думаю, што сёння паводзіны любога апазіцыйнага лідэра, прынамсі з тых, каго я ведаю, будуць даволі лаяльным да гэтай наменклатуры. Менавіта да таго, хто мае кампетэнцыю. А чаму не? Гэтыя людзі шмат ведаюць, у іх такія каласальныя сувязі. Як можна гэта выкідваць? Па вялікім рахунку, я думаю, што жорсткіх ракіровак можа і не адбыцца – вельмі многія застануцца.

Дый увогуле лічу, што пераемнасць – нармальная рэч. Краіна змяняецца, кіраўніцтва змяняецца. І як бы мы не хацелі – колы круцяцца, па нейкіх рэйках мы едзем…

Але вы кажаце, што ўявіць, што да ўлады прыйдзе апазіцыя мы можам толькі гіпатэтычна. Які ж варыянт найбольш верагодны?

Сёння няма сістэмнай гатоўнасці да прыходу ва ўладу кагосьці з так званай намінаванай палітычнай апазіцыі. Хутчэй за ўсё, калі і адбудзецца якая змена – гэта будзе такая наменклатурная змена, яна будзе больш адэкватна ўспрымацца людзьмі. Бо людзі таксама не хочуць хваляванняў, занадта прывыклі эвалюцыянаваць марудна і спакойна, дамаўляцца, прыстасоўвацца.

Калі ўжо казаць пра тое, хто прыйдзе, то хутчэй за ўсё ва ўладзе будзе стаяць чалавек з цяперашняй кіруючай эліты. Больш рэальная змена ўнутры кола кіруючай эліты. То бок прыход людзей, якія належаць да гэтай улады, але якія ведаюць, што трэба змяняць сістэму кіравання.

І гэтыя людзі могуць ужо запрасіць таго ж Паўла Данэйку або Яраслава Раманчука. Часам вельмі важна, каб у кансультатыўных радах ва ўладзе знаходзіліся людзі, якія маюць ярка выражаны ліберальны пункт гледжання. На мой погляд, гэта лепшы сімбіёз, які можна пажадаць краіне ў бліжэйшы час.

Таму для мяне, калі ва ўладзе і будзе адбывацца змена – найбольш адэкватны сцэнарый – гэта наменклатурная, эвалюцыйная замена лідэраў. Падкрэсліваю, не лідэра, а лідэраў.

Як можна прыйсці ва ўладу ў Беларусі?

Калі чалавек жадае паступова змяніць уладу, то цалкам магчыма, што ён можа там апынуцца. Калі ён жадае яе змяніць кардынальна – хутчэй за ўсё ён там не апынецца. І, вядома, ягоны прыход найбольш верагодны, калі ён прымае гэту сістэму цалкам.

Прыход ва ўладу кантралюецца ўсюды. Усюды ёсць нейкі адбор, але пытанне ў тым – гэты адбор звязаны з прынцыпам лаяльнасці або з прынцыпам кампетэнцыі? У іншых краінах, у прыватнасці ў еўрапейскіх, нават некаторых азіяцкіх – гэта ўсё ж такі пытанне кампетэнцыі.
Нават ва Ўкраіне гэты працэс больш зразумелы. Там ёсць і канкурэнцыя, і празрыстасць працэсу, якой сёння, на жаль, не хапае ў Беларусі.

Ці адрозніваецца працэс рэкрутызацыі эліт у нас ад іншых краін (Еўропы, суседзяў)? Калі адрозніваецца, то чым?

І ў еўрапейскіх, і ў частцы азіяцкіх краін існуе дакладны механізм выбараў. Але сказаць, што ў Беларусі гэты механізм працуе толькі праз выбары – не сказаць нічога. У нас выбары спалучаюцца з папярэднім адборам эліт. Вышэйшы эшалон улады кантралюе кадравыя перамены, у тым ліку і праз выбары. Таму, безумоўна, існуюць яўныя і не яўныя рэкамендацыі, каго ўлада хацела б бачыць на сённяшні момант.

Атрымоўваецца, што ў нас кіруючыя эліты адбіраюцца па прынцыпе лаяльнасці, а не кампетэнцыі?

Дзесьці з 2006 года пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў сталі адбывацца некаторыя змены, звязаныя з кампетэнтасным падыходам. Але прынцып лаяльнасці застаецца адным з вядучых. “Лаяльных і кампетэнтных” – так хутчэй за ўсё будзе гучаць гэты прынцып, таму што, на жаль, сістэма менеджмэнту не змянілася.

Прынцып вертыкалізацыі сёння застаецца абсалютным. А вертыкаль, зразумела, фарміруецца па прынцыпе даверу да таго, хто будзе стаяць ніжэй за цябе. Ніжні не павінен падседзець верхняга.

Калі я студэнт і хачу трапіць ва ўладу, што мне трэба рабіць? Калі я, прыкладам, вучуся на юрфаку і напішу добрую курсавую ці дыпломную… Ёсць шанец?

Існуюць пэўныя ВНУ, якія першапачаткова з’яўляюцца як бы маркёрамі тых, хто мог бы прыйсці ва ўладу. Скажам, Акадэмія кіравання, міжнародныя адносіны БДУ… Традыцыйна такім факультэтам заставаўся гістфак – калісьці гэта быў ідэалагічны факультэт, які даваў магчымасць стаць прадстаўніком кіруючай эліты, увайсці ў дзяржаўны апарат. Шмат хто, з кім я там вучылася, сёння і ёсць у гэтых апаратах. І скажам прама – гэта не заўсёды непрыемныя людзі, часам у іх дастаткова розуму.

Сярэдняе кіраўніцкае звяно шмат у якіх структурах – дастаткова кампетэнтнае. З такімі людзьмі прыемна камунікаваць, яны як раз і кажуць пра праблемы кіравання, пра міжведамасныя бар’еры, пра тое, што сама сістэма сёння вельмі часта не дае магчымасці ажыццяўляць шматлікія ідэі, кіраваць больш эфектыўна. Гэтыя людзі цудоўна разумеюць, што трэба рабіць, але, на жаль, не заўсёды атрымоўваецца.

Што тычыцца вышэйшага звяна – тут, вядома, сітуацыя больш складаная. Вам, як студэнту, трэба хутчэй за ўсё прайсці спачатку школу ніжэйшага і сярэдняга звяна, а пасля быць заўважаным. І тут як раз важна праяўляць лаяльнасць – паказную або рэальную.

Значыць, усё ж такі, палітычную кар’еру ў Беларусі зрабіць можна? Бо ёсць меркаванне, што ў аўтарытарных краінах для гэтага няма механізмаў, што ў нас ёсць толькі адзін палітык, які сваю кар’еру ужо зрабіў. Можа ў Беларусі, наадварот, тыповая сітуацыя, калі чыноўнік можа рабіць крок наверх праз некалькі элементаў службовай лесвіцы, а не ісці паступова па гэтых прыступках ніжэйшага, сярэдняга і ўрэшце – вышэйшага звяна?

Палітычную кар’еру зрабіць можна, хаця палітыка і застаецца закрытай або паўзакрытай сферай. За апошні час адбылося некалькі вялікіх кадравых змен. З аднаго боку, гэта безумоўна робіцца для таго, каб эліта не застаялася. Каб яна не збілася, не знайшла сувязі паміж сабой, яе трэба ператасаваць як калоду карт…

З пачатку 2001 года адбыліся сур’ёзныя змены. Аўтарытарызм дае збой, дзесьці швы разыходзяцца, а пасля белымі ніткамі зашываюцца… Але, тым не менш, ён ужо не такі трывалы. Сёння дзяржаўнай уладзе нельга без частковай перадачы кампетэнцый мясцовай уладзе, бо дзяржаўны апарат не можа знайсці дастаткова рэсурсаў, каб пераразмяркоўваць гэта і на мясцовыя бюджэты.

У аўтарытарным грамадстве заўсёды ёсць страх, што хтосьці прыйдзе і скажа, што слухай, вось там Іван Іваныч занадта распляскаўся. Ці не будзе ён табе канкурэнтам? Але вярхоўныя лідэры з усімі іх фобіямі павінны разумець, што калі яны не будуць падтрымліваць гэтых юркіх і прыткіх Іван Іванавічаў, то заўтра яны самі апынуцца невядома дзе.

Цяпер усё залежыць толькі ад ступені гнуткасці і розуму тых, хто сядзіць унізе і хто можа з аднаго боку заставацца лаяльным, але тым не менш развіваць свой рэгіён.І вось на гэтым узроўні ёсць вельмі цікавыя і сучасныя прыклады ўлады. Для студэнтаў сёння як раз вельмі выгадна прыходзіць у такую ўладу.

Ёсць такое паняцце, як сацыяльны кантракт – негалосная дамова паміж урадам і народам. Напэўна, такі самы кантракт павінен быць і паміж прэзідэнтам і наменклатурай? Які ён?

Ёсць, зразумела, цалкам канкрэтныя дамовы. Напрыклад, як ссунулі Шэймана, сказалі – ты сыдзі, але застанешся на гэтых пасадах памочнікам па асобых даручэннях, ты паедзеш у Венесуэлу і будзеш там рабіць грошы. Ён сышоў з гэтай бачнай палітыкі, але ў прынцыпе, ён застаўся…

Такія дамовы ёсць – людзі, якія сышлі, але нічога не згубілі. Галоўнае, што гэта не быў адкрыты выступ супраць, гэта была дамова. Не хочацца называць прозвішчаў, але калі шчыра, то гэта амаль усе – пачынаючы з Ярмошына, які сышоў у сілу пэўных абставін, таксама мінулы кіраўнік Савета бяспекі Ўрал Латыпаў, ён сышоў вельмі спакойна і цяпер вельмі добра сядзіць на бізнесе. Ну і шмат іншых.

На мой погляд, трансфармацыя мыследзейнасці ў самай першай асобы Аляксандра Рыгоравіча з цяжкасцю, але адбываецца. Сёння ён цудоўна разумее, што ўмацаванне яго пазіцыі звязана ў тым ліку і з дапушчэннем апаніравання. У яго былой харызматычнай пазіцыі пасля 2002 года адбыўся злом.

Сёння мы бачым фігуры, якія становяцца, ўмоўна кажучы, палісмейкерамі Беларусі. Раней Сідорскі не быў так яўна заўважны, як у апошнія гады. Сёння мы бачым больш і Сямашку, які прысутнічае ў розных перамовах, Кабякова, Макея, Пяткевіч. То бок калі раней палітыка была бязлікая, то цяпер яна становіцца персаніфікаванай.

Ці лёгка ў нас сысці з улады? Або гэта пажыццёвы кантракт?

Сысці можна, чаму не. Вось, напрыклад, Навумаў – калі ласка. Ёсць калі сыходзяць людзі з менш вядомымі прозвішчамі. Сёння, я думаю, гэта досыць нармальная рэч – чалавеку не хочацца, ён кажа: я застаюся вам верным, маўчу пра штосьці... Не абавязкова ж сыходзіць у адстаўку і склікаць адразу прэс-канферэнцыю журналістаў і расказваць: а вось калі я быў ва ўладзе… Вось гэта ўжо міна. Усё астатняе цалкам магчыма.

Ці можна сказаць, што ў нас адчуваецца кадравы крызіс наверсе? Калі рэкрутаваць па прынцыпе персанальнай адданасці, то запас чыноўнікаў хутка скончыцца… Ці доўгая гэтая “лава запасных”?

Гэта, хутчэй за ўсё, не кадравы крызіс, а сістэмны. Яшчэ раз кажу – трэба змяняць сістэму. І вельмі многія гэта разумеюць. У тым ліку і галоўны чалавек у адміністрацыі прэзідэнта, які адказвае за кадры – Уладзімір Макей.

Сёння вельмі добра адладжана сістэма са зменай – ёсць “аб’ектыўкі”, ёсць нейкія базы дадзеных. Магчымасць памяняць кагосьці на кагосьці ёсць заўсёды. Нельга сказаць, што ёсць кадравы голад. Іншая справа – каго на каго мяняць? Калі ў сістэме нічога не змяняецца, то навошта змяняць?

Ёсць выдаткі такой сістэмы – вельмі частыя і незразумелыя змены, на жаль, не прыводзяць да пераемнасці. Асабліва ад гэтага пакутуе сярэдняе і ніжэйшае кіраўніцкае звяно. Раптам хтосьці камусьці не спадабаўся… Чалавека прыбралі, а з ім разам прыбралі і цэлы шэраг падзей характэрных для рэгіёна. І без яго ў гэтым рэгіёне не будзе развіцця цэлай лініі.

Усё, што тычыцца вышэйшага звяна, – вельмі часта даводзіцца хаваць сапраўдныя жаданні тых, хто знаходзіцца ва ўладзе. І, напэўна, нават дзесьці абразаць свой патэнцыял, які сёння маюць тыя, хто працуе і ў Савеце міністраў і ў Адміністрацыі прэзідэнта. Зразумела, ёсць там і вельмі “кандовыя” людзі, прама скажу – абмежаваныя. Напэўна там так і падбіраюць: адзін таленавіты і талковы – “лакаматыў”, а другі такі “прычапны вагон”, такі вялікі таварняк, які будзе перыядычна прытармажваць...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі