Будзьма! Тузін. Перазагрузка – 2

120210 Agljadacha.mp3

Cённяшняя Перадача-аглядача не зусім звычайная, бо размаўляць будзем не пра альбом пэўнага гурта, а пра складанку, у прынцыпе, вядомых песень розных калектываў. Праўда, песні гэтыя… так бы мовіць, перазагружаныя, у выніку чаго іх рознамоўныя тэксты сталі беларускімі. Кажу я пра праект кампаніі “Будзьма беларусамі!” ды парталу “Тузін гітоў”. Ну, а цалкам назва гучыць “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”. Першая складанка ўтрымлівала хіты беларускіх выканаўцаў, якія ў першапачатковым варыянце не спяваліся па-беларуску. Другі ж дыск ахапіў ужо замежных выканаўцаў, рознага фармату ды зорнасці, але дастаткова вядомых у нашай краіне.
  
Праўда, пра замежных гэта было занадта сказана. Хапае на дыску і тых, што проста даўно не жыве ў Беларусі, але пачыналі музычную кар’еру менавіта тут. Да прыкладу, Алег Джагер, які 13 гадоў таму эміграваў у Бельгію. З’язджаў ён сапраўднай зоркай, рок-каралём, кінуўшы вядомы ў 90-х гурт Roublezone. На складанцы прадстаўлены пераклад яго хіта, напісанага ў апошні дзень існавання СССР, Day without your love “Дзень без чар тваіх”. Як і ўсё, што было зроблена Джагерам яшчэ ў 90-х, гэты трэк і зараз гучыць актуальна. Калі б у тыя часы Алег ведаў, што яго песні могуць гучаць яшчэ лепш… Думаецца, што, як і кожны прафесійны музыка, ён не губляючы часу на разважанні, пераклаў бы іх на родную мову.

Што вельмі радуе, дык гэта рознабаковасць складанкі. То бок, гэта не проста рок, ці папса, а гэта рэальна якасная музыка ад сапраўдных прафесіяналаў у любых напрамках. Напрыклад, тут ёсць выдатная джазавая тэма. Гэта дзесяты трэк “Акіян у цішы” нямецкага гурта Leon Gurvitch Project пад кіраўніцтвам беларуса Леона Гурвіча. У дадатак беларуска Марыя Тарасевіч, якая зрабіла джазавую кар’еру ў нашых паўночных суседзяў, заспявала песню “Сонейка” са свайго сольнага альбома. Праўда, ад джазу ў гэтай кампазіцыі мала засталося, хоць пэўны ўплыў усё ж адчуваецца. Ну, а больш тут і дадаць няма чаго, бо, калі за справу бяруцца прафесійныя джазавікі, хібаў быць проста не можа.

Асабліва парадаваў факт з’яўлення на складанцы Макса Лорэнса. Улічваючы яго супрацоўніцтва з рэперам Сярогам, які даўно забыўся пра Беларусь і называе сябе ўкраінцам, думалася, што і Лорэнс такіх жа поглядаў. Але не! На дыску змешчаны яго хіт “Зрывае Дах”. Прычым мова так моцна змяніла ўспрыманне музыкі, што сталага жадання пераматаць у плэеры папсу не ўзнікла. А гэта ўжо пэўны званочак.

Макс не адзіны поп-выканаўца кружэлкі. Ёсць тут яшчэ і Алёна Свірыдава з песняй “Пакуль”. Пасля выхаду дыска неаднаразова даводзілася чуць, што менавіта гэты трэк найлепшы на складанцы. Складана не пагадзіцца, што ў гэтай стылістыцы кампазіцыя сапраўды атрымалася ўдалай. Да таго ж, тэкст не нейкае лайно з рыфмаў, а цалкам нармальны твор, хоць і высокалітаратурным яго не назавеш.

Асаблівая падзяка музыкам гуртоў ZdobSiZdub, “Воплі Відоплясова” ды “Смысловые галлюцинации”. Музыкі не маюць беларускіх каранёў але падышлі да працы вельмі шчыра ды аддана. Натуральна, ва ўсіх чуваць акцэнт, але заўважна, што з ім змагаліся. Цікава, што ўкраінскі акцэнт, так добра знаёмы расійскамоўным людзям, перамагае. Таму шмат нашых словаў часта вымаўляюцца з відавочна ўкраінскім пранонсам. 

Ну і трошачкі пра дрэнныя бакі, бо іх, насамрэч, не так ужо і шмат. Да прыкладу, песня “Апошняе сонца” ў выкананні Dreamgale цалкам выбіваецца з агульнага фармату складанкі. Яна, натуральна, рэжа вуха, выпадае, падзяляе дыск на тры часткі: да песні, пасля яе і саму песню. Можа таму, яна і стаіць адразу пасля яшчэ аднаго опусу “Перазагрузкі”, песні “Мумий Тролль” “Кантрабанды”. Не, з самой песняй усё нармальна, а вось з выкананнем… Адчуванне, што Лагуценка запісваў беларускамоўны вакал недзе ў гастрольных пераездах, каб гэтыя беларусы адвязаліся. Ці наўмысна злажаў, хоць у гэта вельмі не хочацца верыць. У выніку, песню перазводзілі, чысцілі, змянялі, лячылі на мінскай студыі. Ну, а тое што атрымалася, тое і выйшла. Хоць і не варта было такое даваць “у эфір”.

Ну і апошняе. Тэксты. Наколькі дазваляе веданне замежных моваў, усё цудоўна! Рэальна, ніводнай прэтэнзіі. Былі, вядома, пэўныя пытанні да рыфмаў, да змененых радкоў, але гэта ж пераклад, прычым, пераклад песні. То бок беларускамоўныя версіі таксама мусяць спявацца ды гучаць. Сэнс жа кампазіцый з-за гэтых невялічкіх, так бы мовіць, хібаў не змяніўся. На фінал – звыклая парада, рабіць усе высновы самастойна, тым больш, “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2” можна бясплатна скачаць.

Трэк ліст:

01. Воплі Відоплясова – Краіна мрой (муз. і сл. Алег Скрыпка, бел.тэкст – Андрэй Хадановіч)
02. Oleg Jagger – Дзень без чар тваіх (муз.Алег Мінакоў, сл. Аляксандар Брынцаў, бел.тэкст – Сяргей Балахонаў)
03. Мумий Тролль – Кантрабанды (муз. і сл. Ілля Лагуценка, бел. тэкст – Андрэй Хадановіч)
04. Dreamgale – Апошняе сонца (муз. і сл. гурта)
05. 5diez – Дождж (муз. і сл. гурта, бел.тэкст – Сяргей Балахонаў)
06. Макс Лорэнс – Зрывае дах (муз. і сл. Макс Лорэнс, бел.тэкст – Глеб Лабадзенка)
07. Марыя Тарасевіч – Сонейка (муз. і сл. Марыя Тарасевіч, бел. тэкст – Уладзь Лянкевіч)
08. Аляксандр Рыбак – Небасхіл Еўропы (муз. Аляксандр Рыбак, сл. Аляксандар Рыбак, Томас Варнэс , бел.тэкст – Глеб Лабадзенка)
09. Смысловые галлюцинации – Апошні дзень Зямлі (муз.Сяргей Бабунец, сл.Алег Гененфельд, Сяргей Бабунец, бел.тэкст – Уладзь Лянкевіч)
10. Leon Gurvitch Project – Акіян у цішы (муз.Леон Гурвіч, сл. Інна Высоцкая, бел.тэкст – Алесь Камоцкі)
11. Zdob si Zdub – Стоп-мафія (муз. Міхаіл Гынку, сл. Раман Ягупаў, бел.тэкст – Сяргей Балахонаў)
12. Алена Свірыдава – Пакуль (муз. і сл. Алена Сьвірыдава, бел.тэкст – Андрэй Хадановіч)