Буду пісаць лісты палітвязням: размова з асуджанай за карагод у Брэсце

Марына Глазава / фота з сацсетак
Марына Глазава / фота з сацсетак

25 лютага ў Брэсце абвясцілі прысуд першым дзесяці з пяцідзесяці абвінавачваных па "справе карагода". Акцыя, якую разганялі вадамётам, прайшла 13 верасня 2020 года.

Усіх фігурантаў суд прызнаў вінаватымі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія пацягнулі за сабой парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый.

Трое з асуджаных атрымалі "хатнюю хімію". Сярод іх 25-гадовая настаўніца польскай і англійскай моў Марына Глазава.

У дзень абвяшчэння прысуду Еўрарадыё паразмаўляла з палітзняволенай. 

— Рашэннем я не тое каб задаволеная, але ўся наша дзясятка пазбегла самага горшага пакарання. Ніхто не адправіўся ў калонію, — расказвае Марына. — І ў прынцыпе, у нас было ўсё зроблена ў адпаведнасці з законам. Спрацавалі такія моманты, як змякчальныя абставіны: мы добраахвотна пагашалі шкоду, якая нібыта была нанесена аўтобуснаму і тралейбуснаму паркам [шкоду ад затрымкі руху тралейбусны парк ацаніў амаль у 620 рублёў, аўтобусны — у 40 рублёў 37 капеек. — Еўрарадыё]. У КК, здаецца, прапісана, што калі людзі добраахвотна пагашаюць шкоду, то ім не могуць даць больш за палову тэрміну. У нашым выпадку — не больш за паўтара года "хіміі". Шкада, вядома, тых, каму далі "хімію" з накіраваннем кудысьці — паедуць на нейкія работы. Усё не так дрэнна, як магло быць. Але, вядома, сітуацыя сама страшная. 

Еўрарадыё: Як вы сустрэлі навіну пра тое, што карагод стаў падставай для крымінальнай справы?

— Пра крымінальную справу даведалася 23 верасня ў момант затрымання: "Добры дзень, на вас заведзена крымінальная справа. Пройдзем з намі". Вядома, у першыя пару гадзін я спалохалася, але, як і іншыя ўдзельнікі, выходзіла 13 верасня цалкам свядома — ведала, што магу быць затрыманая. Было трохі страшна ад невядомасці, але, з іншага боку, быў і спакой, і гатоўнасць да далейшага. 

Еўрарадыё: Вы былі затрыманыя і больш за месяц знаходзіліся ў СІЗА. Якія там былі ўмовы?

— Ужо падчас хатняга арышту даведалася, што даходзілі не ўсе лісты ад сяброў. Але, з іншага боку, велізарная колькасцяў лістоў да мяне даходзіла: атрымлівала ад 10 да 15 лістоў у дзень. Пісалі калегі з офіса, таксама пісалі і дзеці, з якімі працую. Бывала, калі і па 20. Мне не давалі спатканняў — ні са сваякамі, ні з кім. Але з адвакатамі ўсё было нармальна — прысутнічалі на кожным допыце. 

Першы месяц амаль не было магчымасці даведвацца навіны. Нават радыё, якое там вісіць, не працавала. Адзінае: былі людзі, якія ў лістах апісвалі асноўныя падзеі, і ў прынцыпе цэнзура такія навіны прапускала: нават нейкія заявы Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады. А ўжо на другім месяцы майго ўтрымання ў СІЗА хтосьці падпісаў мяне на "Брестскую газету" і "Вечерний Брест", і ўжо адтуль раз на тыдзень даведвалася пра ўсе падзеі.

25 лістапада Глазавай змянілі меру стрымання на хатні арышт.

— Хатні арышт прадугледжвае вельмі розныя меры абмежавання. У мяне была адна з самых жорсткіх. Была толькі адна гадзіна ў дзень, калі магла пакідаць кватэру, — з 12:00 да 13:00. Магла ў гэты час сустрэцца са сваякамі і сябрамі, каб пагутарыць. А ўвесь астатні час сядзела дома — нельга было карыстацца ні тэлефонам, ні сацсеткамі. Тэлефанаваць я магла толькі сваякам або адвакатам. Пры гэтым у любы час маглі прыйсці праверыць — заходзіў участковы. Нельга было прымаць гасцей, ужываць алкаголь. Што да інтэрнэту, то магла чытаць навіны, слухаць музыку, глядзець фільмы, але рабіць гэта не ў сацыяльных сетках. 

Марына расказвае, што суд улічыў яе час знаходжання ў СІЗА і пад хатнім арыштам — з 1,5 года, якія ёй прызначылі, адбываць давядзецца ўсяго 11 месяцаў.

— Буду працаваць. У кампаніі, дзе я працую, мяне чакаюць — за мной захаванае месца. Групы мае цяпер вядзе іншы выкладчык, але яны да мяне вернуцца, як толькі выйду на працу.

Хатняя хімія прадугледжвае, што чалавек жыве і працуе там, дзе ён жыў і працаваў, далей. Усё як раней, але толькі павінна ў канкрэтны час прыйсці на працу і ў канкрэтны час вярнуцца дадому, гэта значыць будзе жыццё па раскладзе.

Плюс цяпер ёсць шмат дзеянняў, якія можна здзяйсняць цалкам законна: напрыклад, падтрымка палітвязняў — пісаць ім лісты. Я буду гэтым займацца — тым больш будзе шмат вольнага часу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі