Будаўніцтва свінакомплексаў пад Маладзечнам пагражае адсяленнем вёсак?

“90% жыхароў падпісваюцца супраць. Людзі ж разумеюць, што экалагічныя праблемы ўзнікнуць. Тыя, хто разумее… А іншыя, хто старэйшы, падпісваюцца, бо пасля будаўніцтва свінакомплекса тут нельга будзе трымаць сваіх свіней. Гэта эканамічна ўдарыць па людзях”, — расказвае Еўрарадыё жыхар вёскі Лохаўшчына Уладзіслаў пра праблему, якая ўжо два тыдні хвалюе не толькі жыхароў дзясятка глухіх вёсак, але і цэлага горада Маладзечна.

Навіна пра будаўніцтва двух свінакомплексаў на тэрыторыі Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў з’явілася з месяц таму, у пачатку лістапада. Фермы сабралася будаваць прыватнае прадпрыемства “Вялес-Міт”. Адну пад Маладзечнам, за некалькі кіламетраў ад горада. Другую — на мяжы Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Фермы немаленькія — кожная на 100 тысяч свіней.

Мясцовым жыхарам суседства свінакомплекса пагражае новымі водарамі і пагрозай папсаваць грунтовыя воды. Вяскоўцы могуць страціць важны пункт прыбытку — хатніх свіней паблізу свінакомплексаў трымаць нельга. Уладзіслаў ходзіць па вёсках, збірае подпісы супраць будаўніцтва. І складае спіс парушэнняў, дапушчаных падчас узгаднення будаўніцтва з мясцовымі ўладамі.

Некаторыя вяскоўцы ўвогуле могуць… застацца без жытла. Бо згодна з нормамі, вакол такіх буйных свінакомплексаў абавязкова ствараецца адмысловая ахоўная зона. Уладзіслаў Юркоў расказвае, што адразу пяць вёсак альбо адселяць, альбо… пакінуць у “зоне” ў якасці выключэння.

“Згодна з нормамі, вакол свінакомплекса павінная быць двухкіламетровая зона адсялення. Але і ў нас тут, і пад Маладзечнам ёсць вёскі, размешчаныя бліжэй. І ў выніку ёсць планы скараціць саму гэтую зону”.

Спіс парушэнняў класічны: возера аўтары праекта “не заўважылі”, ізаляцыйныя матэрыялы праверыць “забылі”, нават глыбіню залягання грунтовых водаў у раёне будаўніцтва не замералі. У якасці альтэрнатывы вяскоўцы самі прапаноўваюць пабудаваць не адзін вялізны, а некалькі дробных комплексаў. Агульнай шкоды ад іх будзе нашмат менш, ды і нормы дазваляюць нашмат больш.

Абмеркаванне праблемы прызначанае на вечар 1 снежня. У Маладзечне пройдуць грамадскія слуханні. Абяцаюць прысутнасць мясцовых чыноўнікаў і замоўнікаў будаўніцтва з фірмы “Велес-Міт”. Якая да чэрвеня 2014 года, калі шэраг кампаній Юрыя Чыжа трапіў пад санкцыі Еўрасаюза, называлася “Трайпл-Велес”. Тым не менш вяскоўцы поўныя рашучасці змагацца са свінствам. Дакладней, супраць яго з’яўлення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі