Вы тут

БТ адказала гледачу, чаму называе збітага хлопца са сцягам "п'яным дэгенератам"

Кіроўца BMW збівае хлопца са сцягам / кадр з сюжэта "Беларусь 1"

"Слова "дэгенерат", якое мае мноства тлумачэнняў, з'яўляецца сінонімам такіх літаратурных словаў, як "дурань", "ідыёт", і не з'яўляецца нецэнзурным", — так супрацоўнікі БТ адказалі на петыцыю гледача, абуранага адным з тэлесюжэтаў. 

25 кастрычніка ў мінскай Чыжоўцы на вуліцы Убарэвіча кіроўца BMW моцна збіў хлопца з бел-чырвона-белым сцягам і з'ехаў. Гэты сюжэт трапіў на тэлеканал "Беларусь 1", дзе кіроўца аўтамабіля быў названы "смелым беларусам", а збіты хлопец — "п'яным дэгенератам". 

Адзін з гледачоў накіраваў петыцыю БТ і Міністэрству інфармацыі з пытаннем: ці нармальна называць каго б там ні было ў эфіры п'яным дэгенератам?

У адказе БТ, які падпісаў галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Сяргей Хамянтоўскі, гаворыцца, што закон парушаны не быў: "Падставы для правядзення праверкі па прыкметах распаўсюду звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю фізічных асоб, адсутнічаюць". Маўляў, на экране не паказвалі твар хлопца са сцягам і не называлі яго даныя.

Дарэчы, сам кіроўца пазней выклаў у інтэрнэт відэазварот, дзе папрасіў прабачэння за свае паводзіны. Мужчына патлумачыў, што прычынай канфлікту стаў не сцяг, а дарожная сітуацыя. Маўляў, хлопец са сцягам стаяў на праезнай частцы, аўтамабіль зачапіў яго правым люстэркам, ад чаго кіроўца і страціў псіхічную раўнавагу. 

Аўтар петыцыі адзначаў, што слова "дэгенерат" у слоўніках мае некалькі значэнняў. Найперш — чалавек з прыкметамі фізічнага або псіхічнага выраджэння. Глядач прасіў патлумачыць, якім чынам аўтар тэлесюжэта вызначыў гэтыя адхіленні, а таксама — у чым пабачыў прыкметы паводзінаў нецвярозага чалавека.

Ад Мінінфармацыі аўтар петыцыі прасіў правесці праверку гэтага сюжэта на прадмет адпаведнасці заканадаўству. 

Як бачна з адказу, БТ цалкам праігнаравала пытанні пра нецвярозы стан і спрэчку наконт слова "дэгенерат" звяла да яго цэнзурнасці.

Адказ Белтэлерадыёкампаніі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.