Брытанскі міністр: Сітуацыя з мігрантамі ў Кале ўзятая пад кантроль

Апошнія месяцы амаль штоноч тысячы мігрантаў штурмавалі тунель пад Ла-Маншам з боку Францыі для таго, каб нелегальна патрапіць у Брытанію. З пачатку лета падчас такіх спробаў загінулі дзевяць чалавек.

У ноч на 3 жніўня ў грузавы тэрмінал тунеля спрабавалі прарвацца 1700 мігрантаў з Эфіопіі, Эрытрэі, Судана і Афганістана, паведамляе руская служба ВВС.

Чыгуначнае злучэнне праз тунель працавала з істотнымі затрымкамі. Таксама са спазненнямі адпраўляліся паромы.

Але ўжо ўчора міністр замежных спраў Злучанага Каралеўства Філіп Хэманд заявіў, што сітуацыя ўзятая пад кантроль. Каля 100 супрацоўнікаў брытанскай службы бяспекі разам з прадстаўнікамі памежнай службы Брытаніі і французскай паліцыі прыбылі для аховы тунеля.

“Мяркую, мы ўзялі крызіс пад кантроль. Ён дасягнуў піка на мінулым тыдні, і з таго часу колькасць мігрантаў знізілася. Мы прынялі некаторыя меры ў супрацоўніцтве з французскімі ўладамі і Eurotonnel, якія ўжо прыносяць вынік. Спадзяюся, праз дзень-два мы ўбачым яшчэ больш вынікаў”, — заявіў Міністр.

Разам з гэтым у Брытаніі разглядаюць папраўкі ў заканадаўства паводле якіх домаўладальнікі будуць павінны спыняць арэнду, калі жыхару адмовілі ў праве знаходзіцца на тэрыторыі каралеўства.

Яны таксама павінны будуць правяраць міграцыйны статус патэнцыйнага здымальніка жылля перад заключэннем дамовы. За неаднаразовае парушэнне гэтых правілаў будзе пагражаць да пяці гадоў турмы.

Разам з тым, урад будзе прымаць меры па барацьбе з домаўладальнікамі, якія здаюць мігрантам непрыдатныя для жылля кватэры і дамы.

Міністр па справах мясцовага самакіравання Грэг Кларк заявіў, што ўрад прыме суровыя меры ў дачыненні да “домаўладальнікаў-махляроў, якія зарабляюць на нелегальнай іміграцыі”.

"Мы таксама будзем патрабаваць ад іх выканання базавага кола абавязкаў у якасці домаўладальнікаў і прымаць суровыя меры ў дачыненні да тых, хто здае небяспечныя, брудныя і перапоўненыя людзьмі аб'екты нерухомасці", — сказаў ён.

Тым часам, міністр замежных спраў Філіп Хэманд заявіў, што ўсталёўка загараджальнага перыметра ў Кале ідзе паводле плана. І колькасць нелегалаў у найбліжэйшы час у зоне тунеля мусіць зменшыцца.

Фота: REUTERS/Pascal Rossignol, AFP 2015/ Philippe Hugon

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі