Вы тут

Брэсцкія школьнікі каталіся на лыжах у спартовай зале

Брэсцкія школьнікі катаюцца на лыжах у спартзале / кадр з відэа

Відэазапіс незвычайнага ўрока з брэсцкай школы №15 з'явіўся ў інтэрнэце. Бачна, як школьнікі ездзяць на лыжах у спартовай зале.

Намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Ківачук распавяла, што так праходзіў першы занятак па лыжнай падрыхтоўцы. Астатнія ўрокі будуць адбывацца на вуліцы. 

"Учора быў першы ўрок, і дзяцей навучалі правілам тэхнікі бяспекі. Яны вучыліся падбіраць лыжы па росце, замацоўваць чаравікі да лыж, трэніраваліся перасоўвацца без палак і з палкамі. Гэта ўсё ўключана ў праграму. Бо некаторыя дзеці ніколі ў руках не трымалі лыжы! Урок праходзіў у зале з дывановым пакрыццём, па якім лыжы могуць слізгаць", — перадае яе словы сайт rebenok.by. 

Дарэчы, у Брэсце цяпер снегу няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.