Брамнік "Віцебска" не перавышаў хуткасць перад аварыяй, у якой загінуў з сям'ёй

Брамнік "Віцебска" не перавышаў хуткасць перад аварыяй, у якой загінуў з сям'ёй

Брамнік футбольнага клуба "Віцебск" Андрэй Шчарбакоў, які загінуў 17 снежня 2018 года ў ДТЗ разам з жонкай і маленькім сынам, не перавышаў хуткасць перад аварыяй. Да такой высновы прыйшлі следчыя, піша TUT.by са словаў афіцыйнай прадстаўніцы Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Аксаны Лазько.

Следчыя выявілі, што "Кіа", на якой ехала сям'я Шчарбакова, рухалася з хуткасцю 113 кіламетраў у гадзіну. "Спартсмен не парушыў хуткасны рэжым: на гэтым участку трасы М1 легкавыя аўто могуць ехаць з хуткасцю 120 кіламетраў у гадзіну. Эвакуатар, з якім сутыкнулася іншамарка, рухаўся з хуткасцю 60 кіламетраў у гадзіну", — распавяла Лазько.

Паведамляецца, што на ўчастку дарогі М1 стаяў часовы папераджальны знак "Галалёдзіца". Аднак снежных заносаў у гэтым месцы трасы не было.

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Трагічнае ДТЗ адбылося 17 снежня 2018 года. Андрэй Шчарбакоў з жонкай і двума сынамі вяртаўся ў Віцебск са сталічнага аэрапорта пасля адпачынку ў Егіпце. 

Каля 19:00 недалёка ад вёскі Рамашкава Талачынскага раёна ён не справіўся з кіраваннем, машыну занесла і выкінула на сустрэчную паласу. Там аўто ўрэзалася ў эвакуатар. Ад удару сам футбаліст, яго жонка Ганна і шасцігадовы сын Арцём загінулі на месцы. Выжыў толькі трохгадовы Глеб. Кіроўца эвакуатара не пацярпеў.

Спярша самай верагоднай прычынай ДТЗ называлі парушэнне хуткаснага рэжыму з боку Шчарбакова. Між тым яго блізкія казалі, што Андрэй заўжды быў вельмі асцярожным кіроўцам. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі