Бойку паміж анархістамі і “нацыянал-патрыётамі” распачалі невядомыя?

Як даведалася Еўрарадыё ад актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Белая воля”, нейкія людзі, якіх ён бачыў упершыню, папрасіліся ісці ў калоне з так званымі нэанацыстамі: “Яны ўскідвалі руку ў нацысцкім вітанні, крычалі незразумелыя лозунгі і спрабавалі распачаць бойку з анархістамі. Таму мы іх выштурхоўвалі з калоны”. Анархісты і праварадыкалы ўдзельнічалі і ў Еўрапейскім маршы апазіцыі, але тады ніякіх сутыкненняў не было. Чаму тады ў нядзелю перад камерамі БТ разгарнулася бойка? Еўрарадыё паразмаўляла з удзельнікамі бойкі на Сацыяльным маршы і даведалася, што яе справакавалі невядомыя.
.
Прадстаўнік незарэгістраванай арганізацыі “Аўтаномнага дзеяння” кажа, што анархістаў раздражнілі лозунгі "нацыянал-патрыётаў":

Анархіст:
Мы ішлі на мітынг пратэставаць супраць адмены льготаў. За намі ішла “Белая воля” . А яны крычалі такія даволі беспардонныя лозунгі — кшталту “Слава Расіі». Натуральна, што мы не сталі гэта трываць і адказалі ім воклічамі “Антыфа”. Хаця ў асноўным яны проста стаялі, крычалі, а было некалькі чалавек, якія выходзілі наперад і казалі: “Хадзі сюды. Давай разбярэмся”. Гэта былі правакатары, якіх можна ўбачыць ў фільме “Плошча”.

Прадстаўнік "нацыянал-патрыятычнай" арганізацыі патлумачыў Еўрарадыё, што бойку распачалі невядомыя, якія далучыліся да калоны праварадыкалаў:

"Нацыянал-патрыёт": На марш мы прыйшлі калонай з 50 чалавек. З лозунгамі “Не адмене льготаў”, “Не кантрактнай сістэме», “Воля. Нацыя. Айчына”, “Урад для народа”. Яшчэ з’явіліся нейкія дзіўныя людзі, якіх я бачыў ўпершыню, і папрасіліся ісці з намі. Некаторыя з іх паводзіліся неадэкватна. Цягам шэсця да бойкі ўскідвалі руку ў нацысцкім вітанні, крычалі незразумелыя лозунгі і спрабавалі распачаць бойку з анархістамі. Такое ўражанне, што яны прыйшлі спецыяльна для разборак, таму мы іх выштурхоўвалі з калоны.

Па словах удзельнікаў бойкі, яна ўзнікла стыхійна. І хутка згарнулася.

Анархіст: Пачалі з’яўляцца аўтазакі, таму мы хутка зніклі ў дварах.

"Нацыянал-патрыёт": Калі актывізаваўся АМАП, мы вырашылі не працягваюць удзел у акцыі і схаваліся ў дварах.

Адзін з заяўнікаў Сацыяльнага маршу намеснік старшыні партыі БНФ Юры Хадыка перакананы: калі зачыншчыкі бойкі не былі арыштаваныя міліцыяй, якая дагэтуль цягам акцыі затрымлівала актывістаў БНФ і заяўніка Валерыя Ухналёва, то гэтую бойку можна лічыць правакацыяй.

Хадыка: Гэта была запланаваная КДБ правакацыя альбо выкарыстаная моладзевая палітычная непадрыхтаванасць, якая вылілася ў сутычку паміж дзвюма групамі, што не любяць адна адну. Натуральна, гэта робіцца, каб дыскрэдытаваць апазіцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі