Богдан Кліх: Польшча працягне дапамагаць беларускім студэнтам

Прадстаўнік Польшчы ў Еўрапарламенце і сябра партыі "Грамадзянская платформа" лічыць, што адносіны паміж нашымі краінамі прынцыпова не зменяцца. Ці зменяцца польска-беларускія адносіны пасля перамогі на парламенцкіх выбарах партыі "Грамадзянская платформа"? Гэта цяпер шырока абмяркоўваецца ў палітычных колах нашай краіны.

Еўрарадыё вырашыла звярнуцца да дэпутата Еўрапарламента, загадчыка Дэлегацыі ЕС у справах адносінаў з Беларуссю, сябра "Грамадзянскай платформы" Богдана Кліха.

— Ці зменіцца ўрадавая палітыка Польшчы ў адносінах да Беларусі?

— Не думаю, што адносіны Варшава-Мінск прынцыпова зменяцца, бо прыярытэт польскай замежнай палітыкі — мець за суседзяў дэмакратычныя краіны. У сувязі з гэтым я глыбока перакананы, што Польшча і надалей будзе падтрымліваць дэмакратычныя асяроддзі. Разам з тым мы падрыхтаваныя да дыялогу з Лукашэнкам, калі той выканае патрабаванні Еўропы.

— Ці будзе "Грамадзянская платформа" працягваць урадавыя праграмы падтрымкі дэмакратыі у Беларусі, якія распачаў папярэдні ўрад, напрыклад, стыпендыяльныя праграмы для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў?

— Я цалкам перакананы, што праграмы, якія былі скіраваныя на адпаведныя дэмакратычныя асяродкі, а менавіта на тых, хто складае грамадзянскую супольнасць у Беларусі, будуць працягвацца і надалей. Але канкрэтна гэта залежыць ад таго, хто будзе прызначаны міністрам замежных спраў.

— Першы незалежны беларускі тэлеканал Белсат паўстае на базе польскага тэлебачання, на які дагэтуль уплывалі прыхільнікі партыі “Права і справядлівасць” Яраслава Качынскага. Ці варта чакаць зменаў у гэтай справе?

— З адказам на гэтае пытанне трэба пачакаць, пакуль не пачне працу новы парламент, не будзе створана кааліцыя і будуць прызначаныя кіраўнікі на канкрэтныя пасады.

— А як будзе выглядаць справа з беларускай меншасцю ў Польшчы?

— Беларуская меншасць — частка польскага грамадства, і цалкам відавочна, што кожны ўрад, правы ці левы, абавязаны забяспечыць выкананне правоў меншасці на падставе, між іншым, Канстытуцыі.