Блогеру “Шэраму Кату” далі позву на новы суд

Блогеру “Шэраму Кату” далі позву на новы суд

Аршанскага блогера Змітра Казлова (“Шэры Кот”) выклікалі ў міліцыю, каб даць позву ў Ленінскі суд Мінска на 27 студзеня, піша праваабарончы сайт "Вясна".

21 студзеня Казлоў выйшаў на волю пасля 25 сутак арышту. Перад гэтым яму далі азнаёміцца з пастановамі суда, паводле якіх хлопец асуджаны на 105 сутак за акцыі ў падтрымку незалежнасці. Аднак праз 25 сутак арышту "Шэрага Ката" нечакана выпусцілі на волю — пад нагодай таго, што ў ізалятары трэба правесці дэзінфекцыю. 

Цяпер яго чакае яшчэ адзін суд — за акцыю 8 снежня. 

За што і калі судзілі “Шэрага ката”?

26 снежня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня.

26 снежня, суд Маскоўскага раёна Мінска (завочна) — 15 сутак за ўдзел у акцыі 7 снежня.

9 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за ўдзел у акцыі 21 снежня.

10 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за ўдзел у акцыі 20 снежня.

13 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 29 снежня.

15 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 21 снежня.

16 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 20 снежня

27 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска мусіць адбыцца суд за ўдзел у акцыі 8 снежня.

Агулам блогер атрымаў 105 сутак арышту.

Беларускія праваабаронцы выказалі пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера. Яны запатрабавалі адмяніць усе вынесеныя судовыя пастановы на Казлова. У іншым разе яны будуць лічыць Казлова палітвязнем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі