Вы тут

Блогера-трактарыста з Хойніцкага раёна асудзілі на 10 сутак арышту

Участковы Васіль Звягін (на здымку ў форме) затрымліваў Яўгена Васількова (справа) і сведчыў супраць яго ў судзе / TUT.by

Блогера-трактарыста з Хойніцкага раёна Яўгена Васількова асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд прайшоў 3 жніўня ў Хойніках. Як паведамляе TUT.by, Васількова пакаралі за "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы". Участковы Васіль Звягін з іншымі міліцыянерамі шукаў тых, хто распісаў дарожныя знакі маркерам (там было напісана "Саша 3%"). 31 ліпеня яны прыехалі да Яўгена Васількова, калі ён працаваў (блогер — трактарыст у мясцовага фермера). Участковы зажадаў агледзець яго дом і аўтамабіль (шукалі маркер, але не знайшлі), патрабаваў тэхнічны пашпарт і пасведчанне кіроўцы. Васількоў заявіў, што Звягін — не супрацоўнік ДАІ і адмовіўся прадаставіць дакументы. У гэтым міліцыянеры і пабачылі "непадпарадкаванне". Трактарыста-блогера затрымалі і да суда ён знаходзіўся за кратамі.

Васількоў з'яўляецца аўтарам YouTube-каналаў "Хойнікі для жыцця" і "Хронікі механізатара". Асаблівую папулярнасць набыло відэа "Пра выбар", у якога ўжо 126 тысяч праглядаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.