Блогер Сяргей Ціханоўскі заявіў, што хоча стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі

Блогер Сяргей Ціханоўскі заявіў, што хоча стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі

Відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар YouTube-канала "Краіна для жыцця", заявіў, што хоча стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. З'явіўся відэазварот, у якім ён крытыкуе ўладу і абвяшчае 2020-ы годам перамен. Паводле слоў Ціханоўскага, падпісчыкі (іх каля 150 тысяч) просяць удзельнічаць яго ў прэзідэнцкай кампаніі, паколькі "не вераць і не бачаць ніводнага кандыдата, за якім яны маглі б пайсці і якому яны маглі б давяраць".

Сяргей Ціханоўскі агучыў тэзісы сваёй праграмы. Між іншым, ён хоча вярнуць Канстытуцыю 1994 года, заяўляе пра фальсіфікацыі выбараў і выступае за выбары сумленныя.

"Усе беларусы знаходзяцца ў страху. Людзі баяцца страціць працу і яны маўчаць", — кажа блогер. Ён заклікае ўступаць у яго ініцыятыўную групу.

Ціханоўскі вядомы сваімі ролікамі пра жыццё людзей у рэгіёнах Беларусі, дзе паказвае рэальны стан рэчаў, дае магчымасць ім выказацца, падымае праблемы. 6 траўня міліцыя затрымала яго пад Магілёвам і адвезла ў выніку ў Гомель. Былі затрыманыя яшчэ больш за два дзясяткі чалавек, у тым ліку 19 у Мінску — прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага збіраліся яго падтрымаць. Іх адпусцілі позна ўвечары пасля складання адміністрацыйных пратаколаў.

Як вядома, дата прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі яшчэ не абвешчаная. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яны пройдуць летам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі