Білі па галаве, тапталіся па спіне: адно затрыманне падчас Маршу смелых

Цімафей Язіеў пасля затрымання
Цімафей Язіеў пасля затрымання

Па звестках МУС, 15 лістапада ў Беларусі было затрымана каля 700 чалавек. Па звестках валанцёраў і праваабаронцаў, затрыманых было каля 1200, што выводзіць гэты дзень на ўзровень затрыманняў 9–12 жніўня.

Частка затрыманых была збітая. Вядома пра дзясяткі выклікаў хуткіх у аддзяленні міліцыі. Адзін з затрыманых, студэнт Цімафей Язіеў, таксама ў далейшым апынуўся ў руках у медыкаў. Ён расказаў Еўрарадыё, што адбылося.

Цімафея затрымалі на праспекце Пушкіна каля Фрунзенскага загса. Студэнт кажа, што ў маршы не ўдзельнічаў — ішоў па сваіх справах. Хто затрымліваў? Хлопец не ўпэўнены, але па форме (джынсы, бронекамізэлькі, каскі) мяркуе, што ГУБАЗіК.

"Адзін, пакуль вёў, спытаў, колькі мне гадоў. Я адказаў. Потым ён спытаў, што мне ў краіне не падабаецца, — маўляў, я ж яшчэ не працаваў на краіну нават. Я адказаў, што ўжо працую і што ў краіне магло б быць і лепей", — успамінае Цімафей.

У бусіку студэнта паставілі на калені ў канцы салона. Забралі тэлефон, хутка агледзелі — і паклалі назад.

"Потым аўтобус крануўся, праехаў 15 секундаў. Спыніўся, адчыніліся дзве заднія дзверы, перада мной губазікаўцы. Яны пачынаюць залазіць праз дзверы, адначасна топчучыся па плячах і галовах [затрыманых. — Еўрарадыё]. Адзін берцам па шчацэ ўдарыў", — расказвае хлопец.

Потым Цімафея і яго "спадарожнікаў" перасадзілі з буса ў аўтазак: "Там на каленях стаялі ўсе, мне на спіну і нагу ціснуў нагой супрацоўнік. Людзі скардзіліся, што цяжка дыхаць. Гэта было так".

"Балазе, за хвілін 10-15 прыбылі, у [Кастрычніцкім] РУУС ужо было лягчэй, там вада была, крэслы", — кажа суразмоўнік.

У цэлым стаўленне ў РУУС да затрыманых было "нядрэннае", кажа Цімафей. Прынамсі, пакуль ён там быў, сілу не ўжывалі.

"У мяне падвышаны ціск, ну і на фоне стрэсу плюс удараў па галаве пачала балець галава. Там быў мужчына са зламанай рукой, па яго душу прыехала хуткая. Я папрасіў мне памераць ціск, ён быў вельмі высокі, — працягвае студэнт. — Пасля гэтага мяне з міліцыі забралі дактары".

Пратакол на хлопца скласці паспелі — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Калі будзе суд, Цімафей Язіеў пакуль не ведае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі