Білеты на БАТЭ-Ювентус скупаюць перакупшчыкі

Квіткі ў самыя прэстыжныя сектары таямніча зніклі, так і не паступіўшы ў продаж ні ў Мінску, ні ў Барысаве. Як стала вядома Еўрарадыё, абмежавання на набыццё білетаў няма, таму шмат хто купляе адразу па сто штук. У касах мінскага стадыёна “Дынама” білетаў на матч Лігі чэмпіёнаў няма. У Барысаве - небывалыя чэргі. Там засталіся толькі самыя танныя білеты на суперфутбол - па 5 тысяч. Ды і тое не надоўга. Сёння і ўчора ў Барысаў прыязджалі мінчукі, якім білетаў не дасталася ў сталіцы.

Паводле слоў прэс-сакратара БАТЭ Дзяніса Сарокіна, такіх чэргаў горад не бачыў ніколі. Раніцай ля кас стадыёна стаялі 200-300 чалавек. Каб купіць білет трэба было адстаяць 1,5-2 гадзіны.

“Для Барысава гэта не проста чарга — гэта стоўпатварэнне!”

Між тым і ў Мінску чэргі былі немалыя. Некаторым даводзілася стаяць па 3,5 гадзіны. Затое дарваўшыся, народ закупаўся напоўніцу. Вось што пішуць фанаты на форуме газеты “Прессбол”:

“Я ўчора адстаяў чаргу 3 гадзіны 15 хвілін. Купіў 48 білетаў. Пойдуць усе мае сябры. Я не спекулянт”.


Аднак спекулянты ўсё ж з’яўляюцца. Паводле слоў Сарокіна, многія куплялі па 100-150 білетаў і цяпер прапаноўваюць іх даражэй.

“У інтэрнэце на розных форумах, ужо ва ўсю гандлююць білетамі. Тыя, якія каштавалі па 5 тысяч прапаноўваюць па 15-20”.

Дзяніс Сарокін заўважыў, што лепшыя квіткі да Барысава так і не дайшлі. Дзе падзеліся білеты на цэнтральныя сектары — таямніца.

“Цэнтральныя сектары, наколькі я ведаю, увогуле нідзе не прадаюцца. Яны не паступілі ў продаж ані ў Мінску, а ў Барысаве маленькая колькасць і толькі на другі сектар. Лёс білетаў на цэнтральныя сектары — таямніца!”.

Дарэчы, нават фанатам з Турына падалі 11-ы сектар, які хоць і блізкі да цэнтра, але не пад казырком. Як стала вядома Еўрарадыё, білеты на цэнтральныя сектары распаўсюджваюцца па безнаяўным разліку сярод прадпрыемстваў краіны: як партнёраў БАТЭ, так і звычайных заводаў. Напрыклад, прафкам МТЗ прапаноўвае працаўнікам схадзіць на гэты матч удвая танней. Але ці пойдуць працоўныя, калі раптам будзе дождж?

Сітуацыю з білетамі заўтра па прыездзе з Мадрыда будзе вырашаць кіраўніцтва БАТЭ, але дапамагчы фанатам яно наўрад ці зможа. Білетаў ужо ўсё адно няма.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі