Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

Масква вырашыла распачаць маленькую пераможную вайну супраць іншай краіны і ўсталяваць там сваю марыянетачную ўладу. Спойлер: гэтага не адбылося. 

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае гісторыю савецка-фінскай вайны 1939–1940 гадоў, якую не вельмі любіў згадваць СССР. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.

Фінляндыя да вайны 

6 снежня 1917 года фіны скарысталіся рэвалюцыяй у Расіі, і аўтаномнае Вялікае Княства Фінляндыя абвясціла сябе суверэннай рэспублікай. На працягу наступнага года там праходзіць грамадзянская вайна, дзе правыя сілы спынілі спробу мясцовых прыхільнікаў камуністаў захапіць уладу.

Потым краіна двойчы беспаспяхова ваявала супраць Савецкай Расіі. У выніку ў 1920 годзе падпісана мірная дамова ў Тарту, згодна з якой Фінляндыя захавала ранейшыя “вялікакняскія” межы.

У міжваенны час Фінляндыя была адной з нешматлікіх дэмакратычных рэспублік: парламент, свабодныя выбары, шматпартыйнасць. У 1930-х гадах у паўночнай краіне кіравала кааліцыя трох памяркоўных партый: лібералаў, аграрыяў і сацыял-дэмакратаў.

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

Афіцыйны Хельсінкі трымаў нейтралітэт у знешняй палітыцы і траціў нязначныя сродкі на абаронныя патрэбы. Па колькасці войскаў і вайсковай тэхнікі Фінляндыя ў некалькі разоў  саступала толькі адной Ленінградскай акрузе Чырвонай арміі. Перад пачаткам канфлікту ўсё фінскае войска мела толькі 32 танкі і 114 баявых самалётаў.

Савецкі інтарэс

З 1938 года СССР спрабуе пашырыць свой уплыў на Фінляндыю. Масква некалькі разоў прапаноўвала Хельсінкі заключыць новую дамову аб сяброўстве і ўзаемадапамозе. Спачатку ад фінаў патрабавалася толькі прыняць у сябе савецкія вайсковыя базы, але потым — саступіць некалькі прымежных выспаў у Балтыйскім моры. Маўляў, СССР клапоціцца пра бяспеку сваіх межаў. Гэтыя патрабаванні Фінляндыя адхіліла.

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

Сталін загадаў рыхтавацца да магчымай вайны супраць Фінляндыі яшчэ ўвесну 1939 года. Сярод савецкіх вярхоў тады панавала ўпэўненасць у хуткай перамозе.

23 жніўня таго ж года СССР і Германія падпісалі дамову аб ненападзе — пакт Молатава-Рыбентропа. Сакрэтны пратакол падзяляў Еўропу на зоны ўплыву паміж падпісантамі: Фінляндыя, як былая частка Расійскай Імперыі, адыходзіла СССР.

У лістападзе савецкія СМІ пачынаюць апрацоўваць насельніцтва антыфінскімі настроямі. З'явілася клішэ “белафін”. Паводле прапаганды, магчымая вайна супраць буржуазнай Фінляндыі будзе накiраваная на вызваленне простых фінаў ад памешчыкаў з капіталістамі, а таксама стане фіналам барацьбы супраць белагвардзейшчыны.

Спецаперацыя па-савецку

26 лістапада афіцыйная Масква абвінаваціла фінскія войскі ў артылерыйскім абстрэле памежнага пасёлка Майніла, у часе якога нібыта былі ахвяры. Фінляндыя заявіла, што яе артылерыі там не было, і прапанавала разам расследаваць інцыдэнт. Але СССР прапанову праігнараваў. 30 лістапада Чырвоная армія перайшла дзяржаўную мяжу з Фінляндыяй.

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

Юрыдычна Савецкі Саюз не абвяшчаў вайну. 1 снежня 1939 года ў занятым чырвонаармейцамі прымежным пасёлку Тэрыёкі (сучасны расійскі Зеленагорск) была абвешчана Фінляндская Дэмакратычная Рэспубліка. Ужо на наступны дзень сепаратысцкія ўлады заключылі дамову аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе з СССР. Ва ўрадзе гэтак званай ФДР засядалі адны фінскія эмігранты-камуністы.

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

Наркам замежных спраў Вячаслаў Молатаў заявіў, што СССР не ваюе супраць Фінляндыі, а толькі дапамагае “ФДР” аднавіць парадак у краіне: ранейшы ўрад нібыта ўцёк за мяжу пасля “працоўнага паўстання”.

Гуманітарная дапамога Молатава

Ва ўсім свеце СССР дыскрэдытаваў сябе ўжо ў самым пачатку канфлікту. 30 лістапада савецкая авіяцыя ў спробах “вызваліць мірнае насельніцтва” разбамбіла жылыя кварталы Хельсінкі. Штабоў “Азова” тады не было, таму Маскве давялося шукаць іншыя апраўданні. Молатаў да апошняга адмаўляў сам факт бамбаванняў і сцвярджаў, што з савецкіх самалётаў скідалі хлеб для галодных фінскіх працоўных.

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

Фіны на такія заявы адрэагавалі з гумарам. Менавіта так і з'явілася назва для бутэлек з запальнай сумессю — “кактэйль Молатава”. Гэтым “напоем” савецкім салдатам прапаноўвалася “запіваць гуманітарную дапамогу”.

Заявы Молатава не ацанілі і ў Лізе Нацый. 14 снежня там прызналі СССР агрэсарам і выключылі са складу ўдзельнікаў.

Не маленькая і не пераможная вайна

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

“Спецаперацыя” была разлічаная на два тыдні, але ператварылася ў трохмесячную паўнавартасную вайну. У снежні 1939-га і студзені 1940 года савецкія войскі пацярпелі серыю параз ад саперніка, які саступаў ім у колькасці і тэхніцы. Фіны выкарыстоўвалі лепшую вывучку, веданне мясцовасці і лыжную падрыхтоўку. Толькі ў сярэдзіне лютага 1940 года Чырвоная армія прарвала “лінію Манергейма” на Карэльскім перашыйку.

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

13 сакавіка 1940 года СССР і Фінляндыя заключылі мірную дамову. Савецкая прапаганда “забылася” і пра "ФДР", і пра вызваленне фінскіх працоўных. Падавалася гэта як перамога: межы перасунутыя і Ленінград цяпер у бяспецы.

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

Па выніках вайны Фінляндыя саступіла каля 10% тэрыторыі, але абараніла свой суверэнітэт і ўнікла магчымага далучэння да СССР. Страты фінскага боку склалі каля 26 тысяч забітых і 45 тысяч параненых, а савецкага — каля 120 тысяч забітых і 300 тысяч параненых!

Без намёкаў. Як маленькая пераможная “спецаперацыя” стала пеклам для Масквы

СССР у гэтай вайне прадэманстраваў слабую вывучку войскаў і падрыхтоўку камандзіраў, нізкі ўзровень тэхнічнага абсталявання. Лічыцца, што пасля гэтага Гітлер вырашыў не зацягваць з нападам на Савецкі Саюз.

Саму Зімнюю вайну кіраўніцтва СССР спрабавала не згадваць: загінулым у ёй не ставілі помнікаў, а тым, хто выжыў, не давалі спецыяльных ордэнаў і льгот.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі