"Без билета" зладзілі на сцэне к/з "Мінск" дыскатэку

Сёлета штогадовая справаздача "Без Билета" прыпала на 7 лістапада. Але абышлося без рэвалюцый. Мерапрыемства хутчэй нагадвала ранішнік у дзіцячым садку. І скончылася роўна ў 21:00, нібыта, каб дзеці паспелі дадому ў прыстойны час. Відаць, нават бацькі іх так рана не чакалі!
На "Дзень безбілетніка" гурт не прыходзіць без падарункаў. У гэтым годзе прызамі былі пуцёўка ў Афрыку на дваіх і шчыты са здымачнай пляцоўкі кліпа "Всё сразу!". Але галоўнае, што дарылі ў той вечар музыкі — гэта шчасце. Шчасце ўсім, шчасце задарма. Шчасце ў чыстым выглядзе, ад якога хочацца пішчаць і скакаць. Менш пафасна і не напішаш. Уявіце сабе тысячу бясспрэчна шчаслівых людзей на невялікай плошчы, і самі ўсё зразумееце. А калі не атрымалася ўявіць — ю ар вэлкам, 13 лістапада, клуб "Рэактар" — працяг "Дня безбілетніка"...
...З першых гукаў людзі пацягнуліся ў праходы. Гледачоў ніхто не спыняў і не саджаў на месцы, таму хутка танчыла ўся зала. А хто не танчыў, той махаў рукамі разам з Віталікам Артыстам. Музыка распрацаваў эксклюзіўны комплекс гімнастычных практыкаванняў для дасягнення эйфарыі, які сапраўды працуе.
Па шкале натуральнасці паводзінаў, Віталік Артыст ужо заткнуў за каўнер нават Сяргея Міхалка. Гэта вам не якая-небудзь лялька з мікрафонам! Віталік размаўляе з залай, дзеліць яе на часткі-акіяны, імкліва перацякае з аднаго "акіяна" у іншы, цягне гледачоў на сцэну і ладзіць афрыканскія танцы... Так што спачатку ты не разумееш, куды трапіў, а пасля ўключаешся ў гульню. Калі ты, вядома, не апошні сноб.
Дарэчы, пяціхвілінка снабізму. "Гук" на канцэрце быў далёка не ідэальны. Да голасу Віталіка ўсе даўно прызвычаіліся, і з тым, што палову слоў не разабраць, зала лёгка спраўлялася. Але тое, што інструменты ўсё ніяк не хацелі складацца разам і гучалі суха, кожны паасобку, добра так парыла.
Тут якраз да месца ўзгадаць, што за апошні год у "Без Билета" змяніўся склад. З пяці музыкаў, якія летась давалі двухдзённы канцэрт у "Рэактары", засталося трое: клавішнік Юрый Рубанік, бубнач Дзяніс Шураў і, натуральна, Віталік Артыст! Дзе яшчэ двое? Што ж, шоу-біз — штука складаная, выжываюць не ўсе...
Таксама засмучала тое, што жыўцом "Без Билета" робяцца ўсё больш і больш падобнымі да “J:Морс”. Не, “J:Морс”, вядома, не хухры-мухры. Але для двух “J:Морс” наша краіна замалая! Пакуль адрозненні захоўваюцца: рамантычныя вобразы з песень Віталіка Артыста больш простыя і зразумелыя нават дзецям. А музыка "Без Билета" больш рытмічная, танцавальная, і тут старыя фанаты гурта знойдуць яшчэ адну нагоду для раздражнення. У што ператварыліся нашы ўлюбёныя "Лодочки" ды "Нарисована"? — схопіцца за галаву кожны, хто падсеў на "Без Билета" да выхаду альбома "Кино".
Ды і ніколі “J:Морс” не зайграе "Песенку Артиста" у стылі гурта Rammstein. І гэта не толькі таму, што няма такой песенькі ў “J:Морс”.
За 6 гадоў, якія мінулі з першага "Дня безбілетніка", гурт скокнуў вышэй за самыя смелыя чаканні. 10 лістапада 2004 года Дзень народзінаў Віталіка "Артыста" (тады яшчэ ў двухкоссі, бо няпросты вілейскі хлопец Віталь Герасімчык зрабіў сцэнічны псеўданім сваім прозвішчам толькі ў 2008-м) адсвяткавалі вельмі сціпла. Гурт сыграў некалькі песень на сваёй рэпетыцыйнай кропцы "Maple Tree Recording Studio" для 30 з нечым фанатаў, дваіх з якіх у той дзень аштрафавалі кантралёры. 7 лістапада 2010 года "безбілетнікі" зрабілі тое, да чаго шмат якія беларускія артысты ідуць усё жыццё, і то не даходзяць: сабралі к/з "Мінск" з балконам, ды так, што яблыку няма дзе было ўпасці!
"Без Билета" — гэта ў беларускім шоу-бізе ўнікальны прыклад таго, як музыкам надакучыла веславаць насуперак плыні, але, замест таго, каб на ўсё плюнуць і ўладкавацца на заводы, яны здолелі далучыцца да мэйнстрыму. А маладзёны не зважаюць на тое, што гралі "Безь Білета", а пасля beZ bileta 10 і 5 гадоў таму адпаведна. Гурт Віталіка Артыста стаў эмацыйным рупарам першага шчаслівага беларускага пакалення. Таго, якое ні дня не жыло ў "саўку", затое заспела ўвесь "беларускі эканамічны цуд", ад пачатку да хуткага заканчэння. Гэтакія антыэма — юнцы, якія не хочуць ад жыцця нічога, акрамя пазітыву.

У гэтым — вялікая небяспека. Бесклапотныя гады носяць у сабе самаўпэўненасць і адвучваюць прымаць свет такім, які ён ёсць: белым — але і чорным таксама. Песні Віталіка Артыста гэтаму спрыяюць. Вядома, Пакуль "Без Билета" працягваюць спяваць пра самае нясумнае ў сусвеце, планета круціцца. Але... Але не будзем сёння пра сумнае. З сёмага і па трынаццатае ў нашай хаце свята — "Дзень безбілетніка". Пра наступствы, як заўжды, будзем думаць пасля.
Фота by Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі