Беражкоў: Думаю, сёння мы з французамі згуляем унічыю

Еўрарадыё: Чаго вы чакаеце ад сённяшняй гульні “Беларусь — Францыя”?


Беражкоў: “Я чакаю прыгожай гульні. Я пайду на стадыён атрымліваць асалоду ад таго, як будзе граць зборная Францыі. У гэтай падзеі таксама будзе бачны характар нашай каманды, яна паспрабуе змагацца. Я хачу пабачыць, як парадак пераможа клас, і спадзяюся, што гэта адбудзецца”.


Еўрарадыё: У нашай зборнай сёння не будзе шмат гульцоў з асноўнага складу. Ці можна спадзявацца на поспех?


Беражкоў:Гэта не турнір, гэта матч. Гэта як кубкавая падзея. А ў кубку заўсёды ёсць шанец у слабейшага. Калі нашая зборная добра згуляе ў абароне, дысцыплінавана, то гэта, безумоўна, можа прынесці пэўныя вынікі. У зборнай камандзе не можа быць 2-га, 3-га складу. За той час, калі працуе Бернд Штанге ў Беларусі, а гэта ўжо амаль 4 гады, я думаю, што за гэты час ён павінны быў не адзін склад каманды нагуляць і ўбачыць гульцоў, якія б маглі палепшыць гульню каманды ў любым выпадку і замяніць лепшых з-за траўмы ці дыскваліфікацыі”.


Еўрарадыё: А ці заслугоўвае цяперашняя зборная, і ці не рана ёй ехаць на чэмпіянат Еўропы?


Беражкоў: “Мы ўвесь час кажам, што ранавата. А між тым на Чэмпіянаце свету і Еўропы ўжо пабывалі такія краіны, як Латвія, Славакія, Славенія. Гэта ўсе каманды, якія супастаўныя з нашай па класе. Яны не думалі, рана ці не, яны проста працавалі — і трапілі на гэтыя спаборніцтвы. Таму я думаю, што мы павінны былі ставіць такую мэту і ў пачатку 90-х, і ў сярэдзіне, і цяпер”.


Еўрарадыё: Чаго мы сёння можам ад Францыі чакаць?


Беражкоў: “Я не думаю, што яны будуць граць сёння эмацыйна. Яны ў вельмі добрай форме, таму думаю, што не патрэбна эмоцыяў, каб прыйсці і зрабіць сваю гульню. Яны вельмі моцная каманда — ўсе гэта ведаюць”.


Еўрарадыё: Тым не менш. Калі вынік сёння будзе не вельмі ўдалы, ці можна казаць пра адстаўку цяперашняга трэнера зборнай?


Беражкоў: “Пра гэта можна будзе казаць, калі ў Берндта Штанге зноў не атрымаецца выйграць Люксембург 7 чэрвеня. Менавіта гэта сустрэча будзе у шмат чым вызначаць лёс Штанге”.


Еўрарадыё: Вы можаце зрабіць прагноз?


Беражкоў: “Я думаю, мы сёння згуляем у нічыю”.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі